Юр'я
2415 / 0
23.09.2016

«Агата» зьняла кліп на песьню, якая не адпускае (відэа)

Дуэт «Агата» прадстаўляе ў відэачарце на Tuzin.fm песьню «Юр’я» — твор знакавы як для беларускай сьпеўнай традыцыі, так і асабіста для яго выканаўцаў — Ірэны Катвіцкай і Аляксея Варсобы.

У аснову кампазыцыі «Юр’я» пакладзены сьпеў зь юр’еўскага вясновага абраду. Абрад напоўнены ахоўнай і рэпрадукцыйнай магіяй, ён зьяўляецца адной з асаблівасьцяў рэгіёну Панямоньня і ў нашы дні. Па сутнасьці гэтая песьня — замова аб добрым ураджаі, а ў хрысьціянскі час падобныя сьпевы сталі зьвяртаць менавіта да Бога.

«Юр’я» — знакавая песьня для творчага дуэту Ірэны Катвіцкай і Аляксея Варсобы. «Я думаю, песьні маюць ня толькі свой лёс, але і абсалютна дакладна свой характар. Гэта песьня некалькі гадоў не адпускала нас і мы кожны раз адкрывалі яе наноў», — кажа Ірэна Катвіцкая. Першая яе вэрсія зьявілася ў праекце «ЯкДзень», які Ірэна заснавала зь лідэрам Port mone. Пасьля яна набыла аранжыроўку ў стылі кібэр-фольк у праеце New Image Orkestra, калі да Ірэны і Аляксея далучыўся Аляксей Жукаў. Цяпер яна зазьзяла новымі фарбамі ў «Агаце» — гэта была наогул першая песьня, зробленая ў межах гэтага праекту. «Разам з голасам і акардэонам да яе выкананьня далучыліся іншыя інструмэнты і па выніку паўстала тая выява, якую мы цяпер прэзэнтуем. У ёй праяўляюць свой тэмпэрамэнт барабаны, пэркусіі, дэманструе сваю рухавасьць бас-гітара, паказвае пяшчотнасьць індыйская флейта-банцуры. Ну і мацуюць усё акардэон і вакал», — так апісвае кампазыцыю сьпявачка.

Відэа на песьню «Агаты» зьняў Андрэй Міцкевіч. Без аніякіх фінансавых укладаньняў. Мэта была простая — прынесьці радасьць ды ўсьмешку. Музыкі таксама дзякуюць Уладзімеру Патапенку за запіс пілётнай вэрсіі, Ягору Джэйгалу — за чароўнае гучаньне флейты-банцуры, Андрэю Жукаву — за запіс, саўнд-інжынэрынг, зьвядзеньне і майстарынг. «І дзякуй усім, хто сьпяваў яе ў розных пакаленьнях, каб мы маглі пачуць і зноў паўтарыць „Юр’я“ ўжо ў іншую эпоху і зь іншай гісторыяй», — дадаюць Ірэна і Аляксей.

Агата — Юр’я (рэжысэр — Андрэй Міцкевіч). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm