Пампея
2251 / 0
19.08.2014

Iver&Martin S.: Кубрыкам натхнёныя (відэа)

Праект Iver прадстаўляе відэа на песьню «Пампея», запісаную разам з гуртом Martin S. Відэа да роліку зьняў Станіслаў Турко пад моцным уплывам клясікі сусьветнага кіно на тэму космасу.

Iver — сольны электронны праект Ільлі Басько, па сумяшчальніцтве клявішніка гурта Martin S. Ільля прызнаецца, што яго вельмі цікавіць касьмічная тэматыка: «Як бы ні дасьледвалі космас, але ён усё адно застаецца па-за межамі нашага разуменьня. Гэта вабіць і натхняе». Дэбютны ЕР музыкі якраз зваўся «Касьмічныя вібрацыі». Музыку ён піша інструмэнтальную, але ў кампазыцыі «Пампея» спатрэбіўся вакал — каб надаць ёй завершанасьці. Дзеля гэтага і быў пакліканы вакаліст Martin S. Уладзімер Боська.

«Пампею» вырашылі ўвасобіць у відэа. Ільля наўмысна не называе вынік працы кліпам, лічыць гэта відэаварыяцыяй на тэму кампазыцыі. «Нам карцела зрабіць відэашэраг у стылістыцы фільму Кубрыка „Касьмічная Адысэя 2001“ і „Салярыса“ Таркоўскага, — распавядае Ўладзімер Боська. — Менавіта такая атмасфэра на нашу задуму найлепш можа пагрузіць гледача ў глыбіню і сум космасу». Здымкі цалкам у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы на працягу некалькіх дзён. Кіраваў працэсам рэжысэр Станіслаў Турко, якому музыкі бясконца ўдзячныя за тое, што ён выдатна адчуў настрой трэку і перадаў яго ў карцінцы.

«Мы засталіся задаволеныя вынікам. Нам удалося зрабіць так, каб вобразы падкрэслівалі саму песьню, а не супярэчылі ёй, як гэта часта здараецца», — зазначаюць аўтары кампазыцыі.

У здымках таксама бралі ўдзел апэратары Аляксандар Алейнікаў (разам з Станіславам Турком), акторы Артур Райскі і Марыя Буткевіч. Дамагалі ў працы Арцём Багаслаўскі, Андрэй Асадчы, Сяргей Пабягайла.

Відэа бярэ ўдзел у відэачарце на Tuzin.fm у новым музычным сэзоне 2014/2015.

Iver&Martin S. — Пампея (рэжысэр Станіслаў Турко). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm