Рэкі пад ільдом
4516 / 0
26.09.2013

Re1ikt – гурт і ледакол

У першым туры відэа-чарту на «Тузіне Гітоў» бярэ ўдзел відэа «Рэкі пад ільдом», што зьняў VJ Medwedsky і Алесь Дземідзенка, лідэр і бубнач гурта Re1ikt. У здымках кліпа ўзялі ўдзел дзеячы гомельскага андэграўнду.

Кліп на сваю песьню «Рэкі пад ільдом» гурт Re1ikt прадставіў у кастрычніку 2011 году і прысьвяціў «ўсім тым, хто змагаецца і нягледзячы ні на што пераадольвае цяжкасьці». Відэа здымаў рэжысэр, які падпісваецца VJ Medwedsky разам з Алесем Дземідзенкам, лідэрам і бубначом гурта Re1ikt. Здымкі адбываліся ў Гомелі, дзе прайшла частка творчага жыцьця Re1ikt. Яны заснаваліся ў Сьветлагорску, а ў Гомелі выдалі альбом, запісалі адзін з сваіх DVD, рэпетавалі ды гралі. У апошнія гады музыкі жывуць і працуюць у Менску.

Усе ролі ў кліпе сыгралі не ўдзельнікі гурта, а іх паплечнікі - дзеячы гомельскага андэграўнду. Аляксандар Стрыбук, Сяргей Пяшко, Андрэй Пячынскі, Андрэй Грабеншчыкоў, Dogma, Дзмітры Ванюк па чарзе выконваюць песьню «Рэкі пад ільдом». Паводле рэжысэрскай задумы, такім чынам усе задзейнічаныя асобы даюць зразумець, што «выбар мае кожны, і кожны можа нешта зрабіць у гэтым жыцьці, галоўнае — захацець».

Адзін з стваральнікаў відэа Аляксандар Дземідзенка кажа, што ганарыцца гэтай арыгінальнай і незвычайнай працай і з задавальненьнем прадстаўляе яе ў першым відэа-туры на «Тузіне Гітоў».

Re1ikt - Рэкі пад ільдом (рэжысэры VJ Medwedsky і Алесь Дземідзенка). Зьмяшчаецца са згоды аўтараў.

Tuzin.fm