Корж як увасабленьне беларускай мары
1718 / 1
24.12.2013

Корж як увасабленьне беларускай мары

Макс адстаяў гонар і годнасьць усёй беларускай поп-cцэны ды запісаў альбом, які выглядае недасягальнай вяршыняй для ўсёй нашай музыкі пачатку новага стагодзьдзя. Тут усё зроблена прадумана.

Тэксты і пасылы выбудаваныя дасканала. Аповед пададзены ў форме прыватнага дзёньніка сучаснага маладзёна з уласьцівымі яму праблемамі — недасып, вымушаны ад’езд, непаразуменьні з каханай, заўчасная сьмерць сяброў… Макс заўважна пасталеў ад часоў дэбютніка «Животный мир», хоць усяго год мінуў. На новым альбоме ўжо няма павярхоўнасьці ды пошласьці, яго тэксты зрабіліся больш глыбокімі і пранікнёнымі. Выканаўца выдатна адчувае слова і часам паўстае тонкім лірыкам («Мотылёк», «Эндорфин»).

Ня скажаш, што Макс мае выключныя вакальныя дадзеныя, але стылістыка гэтага і не вымагае. Яго трэкі вылучаюцца бездакорнай чыткай у фірмовай манеры — з хрыпатцой ды ледзьве адчувальным наівам. Голас вельмі адметны і харызматычны, які цяжка паблытаць з чыімсьці яшчэ.

Альбом вельмі цікавы і з пункту гледжаньня музычнага — аранжыроўкі абсалютнай большасьці песень проста бліскуча зробленыя, прычым з выкарыстаньнем жывых інструмэнтаў. Пісалася з «цоеўскім» разьлікам — каб лёгка і проста было сыграць на гітары ў двары. Пры гэтым ёсьць проста выбуховыя рэчы з электронным начыньнем, як асноўная вэрсія песень «За тобой» і «Не важно», якія стварыў менскі музыка Tune Crashers. Іх можна было б назваць разынкамі альбому, каб былі нумары слабейшыя. Рэдкі выпадак — тут усе (!) трэкі могуць прэтэндаваць на ўзорнасьць (можа, толькі «Сеть» трохі адстае).

А яшчэ «Жить в кайф» — гэта вялікі гукарэжысэрскі посьпех, і вельмі прыемна, што належыць ён беларускім студыям (альбом пісаўся і зводзіўся на «Студыі 8» і Nestanda Records). Проста гонар ахоплівае ад таго, як усё таленавіта і старанна зроблена.

Хацеў таго Макс ці не, але ён цяпер здольны ўплываць на лад мысленьня цэлага пакаленьня. Справу ён мае найперш са слухачамі старэйшага школьнага ўзросту, для якіх ён стаў увасабленьнем «беларускай мары». І гэта ня толькі вялікі гонар, але і велізарная адказнасьць, якую на сябе возьме далёка ня кожны ўплывовы артыст.

Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.org

КАМЕНТАРЫ: