Андрэй Сянькевіч. Каханьне ў вялікім горадзе
1735 / 0
03.06.2015

Андрэй Сянькевіч. Каханьне ў вялікім горадзе

Праца гэтага выканаўцы рызыкуе быць запхнутай у межы бард-року, між тым гэтыя песьні проста абавязаныя гучаць на радыё, яны мусяць ачольваць чарты і атрымліваць усе магчымыя музычныя ўзнагароды.

Андрэй Сянькевіч да гэтага быў вядомы ў менскім андэграўндзе як гітарыст гуртоў Station86 і «Коктейль Шаляпина». Рэліз з назваю «Мечтатели серых улиц» — ягоны дэбют у якасьці сольнага выканаўцы. Праца сьведчыць, што Андрэю ёсьць што сказаць. І гэтае выказваньне безумоўна вартае ўвагі.

Стылістычна альбом рызыкуе быць запхнутым у межы бард-року, а яго аўтар мусіць быць абавязкова запрошаны на тэлеперадачу «Подых струн» і прайсьці выпрабаваньне ў ёй праслухоўваньнем песьні Анатоля Длускага. У краіне расейскага шансону і плястмасавай папсы такая музыка выціскаецца на пэрыфэрыю. Між тым, Андрэй прапаноўвае прадукт найвышэйшага гатунку. Да бардаўскай песьні, у яе сапсаваным савецкімі геолягамі сэнсе, ягоныя сьпевы ня маюць аніякага дачыненьня. Гэта музыка сучаснага гарадзкога чалавека, зробленая тонка, з пачуцьцём і на нэрве, вось за тым столікам у кавярні на праспэкце Незалежнасьці, на лаве ў парку Горкага, у вагоне мэтро з «Mumford&Sons» у плэеры і гадавым шэнгенам у кішэні. Нешта сугучнае ёсьць у Сянькевіча з альбомам «Адпусьці» гурта BosaeSonca. Летась працу каманды Ката-Зайцава надта нахвальвалі экспэрты, але глябальна яна так нідзе ў публічнай прасторы не прагучала і да масаў не дайшла.

Сянькевіч імкнецца выбрацца з гэтага зачараванага кола і спрабуе разгайдаць сытуацыю, працуючы над падачай і прома. Ён ужо ладзіць невялічкія туры па Радзіме і суседніх краінах, яго сьпеў упрыгожыў фільм «Крок», які адзначаны на фэсьце  Smartfilm-2014.

Хоць альбом і вылучаецца мінімалізмам, выканаўца вялікую ўвагу надзяляе гуку — яшчэ адна акалічнасьць, якая адрозьнівае яго ад звыклага барда, які спакойна можа граць нават на неадладжаным інструмэнце і, пагатоў, менш за ўсё думае пра аб’ёмнасьць гуку. На першы плян выводзіцца акустычная гітара, але ззаду, незаўважна так, саўнд мацуюць яшчэ адна гітара, клявішы, пэркусія.

Асабліва ўдала ўсё выходзіць у нумарах «Не о том» і, вядома ж, чароўнай песеньцы «Наш час» — безумоўна галоўным гіце альбому. Беларуская мова наогул дапамагае раскрыцца Сянькевічу як паэту-лірыку і як вакалісту. Андрэй гэтую акалічнасьць, падобна на тое, усьведамляе сам, таму рыхтуе цалкам беларускамоўны альбом.

Сяргей Будкін