Murovei. Адзінота на стадыёне
1420 / 0
06.10.2014

Murovei. Адзінота на стадыёне

Другі альбом беларускага рэпэра не расчараваў. Музыка менскіх падваротняў ды прыгарадных электрычак прыйдзецца даспадобы тым, хто шануе сумленна зроблены творчы прадукт.

Murovei — яшчэ адзін наш выканаўца, які сьведчыць пра беларускі музычны цуд, зьяву, якой не перастаюць дзівіцца на постсавецкай прасторы. Пасьля ўдалага сольнага старту ў выглядзе альбому «Сольный» Антось запісаў новую працу, у якой сьведчыць пра бясконцасьць свайго слоўнікавага запасу ды арыгінальных музычных задумаў.

У адрозьненьне ад папярэдняй працы, тут Murovei зьвярнуўся па дапамогу да калегаў — большасьць трэкаў альбому запісаная ў супрацы ці пры ўдзеле іншых рэпэраў, у тым ліку з Ф’юзам зь дзіка шанаванай у рэп-асяродку піцерскай фармацыі Crec (трэк «Лёд») ды сваім паплечнікам Дамадам, зь якім пачынаў у гурце Slozhnie (трэк «Пике»). За кошт немалой колькасьці гасьцей рэліз атрымаўся вельмі стракатым і няроўным з настрою і нагадвае хутчэй складанку, дзе Murovei — усяго толькі адзін з пэрсанажаў. Затое ў музычным пляне ўсё вытрымана дасканала ў межах абранага стылю, па якім і пазнаецца выканаўца, — нетаропкая, разважлівая і трохі неахайная чытка пад сакавітыя псыхадэлічныя біты.

Уласна, тое, што робіць Murovei, і ёсьць сапраўдны сумленны рэп, якога сёньня і са сьвечкаю ня знойдзеш. У час усеагульнага захапленьня чыткай ён знаходзіцца па-за трэндам, бо занадта ўжо ў яго выходзіць глыбока і змрочна ў піку масавым густам і ўсім гэтым рэп-прафанацыям, якімі поўніцца музычная прастора. Альбом «Киллер» ня мае мэты пазабаўляць, хутчэй ён зьнясільвае пры праслухоўваньні. Тут няма вылузваньня і пантоў, тут ёсьць спроба пісьменна аформіць сваё сьветаўспрыманьне. Вельмі добра перадае настрой альбому кліп на «Белую ворону», бадай што самы ўдалы трэк з альбому.

Музыка менскіх падваротняў ды прыгарадных электрычак прыйдзецца даспадобы тым, хто шануе сумленна зроблены творчы прадукт. Без сумневу, гэтая праца мае сваю непаўторную аўру — у гэтых трэках апяваецца гарадзкая рамантыка, якой уласьцівая непераадольная туга, такая сабе «адзінота на стадыёне» (Адам Глёбус).

Murovei — Киллер, 2014. Спампаваць рэліз можна на Rap.ru

Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.by

 
Тэгi:

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА: