Унутры Алега Вяля
1960 / 0
12.09.2014

Унутры Алега Вяля

Гурт Bristol прадставіў дасканалы сынгл у рэдкім для Беларусі жанры інтэлігентнага поп-року.

Гурт Bristol — не зусім дэбютант на беларускай сцэне, гэта хутчэй сайд-праект Алега Вяля, вакаліста Hair Peace Salon — гурта-зьявы на беларускай незалежнай сцэне нулявых, які меў усё, акрамя хіба што шанцаваньня. Музыкі 10 гадоў рыхтавалі дэбютны дыск, а пасьля яго прэзэнтацыі апынуліся ў няпэўным стане. Невядома, што там адбылося, але вакаліст выправіўся ў адзіночнае плаваньне. Для дэбюту была абраная беларуская мова, хоць HPS славіўся найперш ангельскамоўнымі сьпевамі. З вуснаў Алега ангельская гучала цалкам самадастаткова і гарманічна. Ня менш прыгожа ён пяе і па-свойму.

Упершыню Вяль засьпяваў па-беларуску ў праекце «Тузін.Перазагрузка», для якога HPS перазапісаў песьню «Студзень» («Ice Age» ў арыгінале), пасьля самастойна была перасьпяваная яшчэ шыкоўная «In Tune» («Цянькі»). Ужо ў межах «Брысталю» на мове загучала яшчэ адна песьня гурта: «Out of Time» стала звацца «Па-за часам». Свой сантымэнт да асноўнага (былога?) гурта Алег таксама выказаў і ў самой назьве сынглу — «Цырульня сьвету».

У «Брысталю» захавалася разыначка, што была ўласьцівая музыцы Hair Peace Salon, толькі што гук новага праекту куды мякчэйшы. Драйв прыхаваўся, але ня зьнік, ён стаў унутраным. Песьні «Брысталю» нібы прасякнутыя тугою, але сум гэты сьветлы. Гэта музыка роздуму, створаная асобай, якая вельмі тонка адчувае рэчаіснасьць і мае багаты ўнутраны сьвет. Адсюль глыбіня ў тэкстах і далікатнасьць у падачы. Кожны з чатырох трэкаў — заслугоўвае ўвагі і, безумоўна, шчыльных ратацыяў. Менавіта такім меў бы быць радыёфармат у беларускай Беларусі — прыемная музыка, ненапружная, жывая, інтэлігентная.

У «Цырульню сьвету» ўвайшлі дзьве абсалютна новыя рэчы аўтарства Алега Вяля, згаданы кавэр на HPS, а таксама пэўна што першая беларуская перапеўка Ланы Дэль Рэй — той самай песьні, якая прынесла ёй шырокую вядомасьць. У «Відэагульнях» зьнікла гульлівасьць на карысьць далікатнасьці, але пачуцьцёвасьці песьня ня страціла. Забаўна, што пяецца яна па-ранейшаму ад імя жанчыны.

Сынгл «Цырульня сьвету» — выдатны і годны дэбют, варты найвышэйшай адзнакі. Вельмі хочацца спадзявацца, што Bristol не паўторыць лёсу свайго папярэдніка, і яму пашанцуе болей.

Bristol — Цырульня сьвету, 2014

Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.by