Папараць-кветка
3543 / 0
09.06.2014

Hok-key папараць-кветку знайшлі (аўдыё)

У 17-м туры аўдыёчарту на Tuzin.fm гурт Hok-key прадстаўляе песьню «Папараць-кветка» з свайго новага альбому «Знак бяды». У яе запісе ўзяла ўдзел бэк-вакалістка Scorpions Алена Працко.

Музыкі з гурта Hok-key ў час працы над сваім першым беларускамоўным дыскам натхніліся паданьнем пра папараць-кветку і стварылі песьню з такой назвай, якая ўвайшла ў праграму «Знак бяды».

«У гэтай кампазыцыі распавядаецца пра імкненьне кожнага чалавека знайсьці сваё шчасьце, пра надзею на добрую сьветлую будучыню, пра жаданьне зразумець сэнс свайго жыцьця. Але, канечне, пошук шчасьця — гэта заўсёды выпрабаваньне, якое можа прайсьці толькі сьмелы, чысты сэрцам, з добрымі намерамі і думкамі чалавек», — распавядае Ірына Сапунова, аўтарка тэкстаў і скрыпачка каманды (яна вядомая таксама з працы ў гурце Znich). Музыку да «Папараць-кветкі» стварыў заснавальнік і гітарыст гурта Яраслаў Сапуноў. А да асноўнага вакалу Зьмітра Рудовіча далучылася сьпявачка Алена Працко, якая працуе цяпер бэк-вакалісткай у нямецкім гурце Scorpions.

Hok-key прадставіў ужо ўжывую альбом «Знак бяды» на вялікім сольным канцэрце ў менскіх «Піратах». Музыкі кажуць, што сярод песень, якія прынялі найбольш цёпла і была якраз «Папараць-кветка».

Афіцыйны сайт каманды

Tuzin.fm

Hok-key — Папараць-кветка (музыка Яраслава Сапунова, словы Ірыны Сапуновай). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

 

Дымка над вадой густа расьцiлаецца,

Луннае сьвятло мякка разьлiваецца,

Ветра вольнага подых адчуваецца,

Растварыцца ў ночы хочацца.

 

Каляровы сьвет з вачэй хаваецца,

Крокi ў цiшынi рэхам адбiваюцца,

Гукi дзiўныя вакол даносяцца,

I на волю сэрца просiцца.

 

Стогны, енк i сьвiст раптам прарываюцца,

Жах, разгубленасьць у душу прабiраюцца,

Цьвiль, смурод i пах брыхлы распаўзаецца,

Не зьбяжыш i не схаваесься.

 

Дзiкiм гулам лес цёмны садрагаецца

А сабакi дзесь брэхам залiваюцца

Побач шоргат блiзка пракрадаецца

Але крочыш зноў, змагаесься

Прыпеў

Наша зямля,

Поўнiцца цудам яна,

Таямнiчая,

Нiбыта ўрыўкi сна.

I ў гэтым сьне

Кветку спрабуй адшукаць,

Шчасьце назаўжды магчыма атрымаць.

 

Шум i стук, люты вой,

Крочыць хтось за табой,

Трэск галiн мiтусьня,

Вось i зноў цiшыня.

 

Месяц сьвятло цiха разьлiвае

Дымку над вадою нiзка расьцiлае

 

У паўночны час тайна адкрываецца

Цьмянае сьвятло ярка разгараецца

Навакольле ў мару апранаецца

Час адказаў наблiжаецца.

Тэгi: