Полымя
8444 / 3
15.04.2014

Зь іскры ўзгарыцца «Полымя». Беларускамоўны дэбют «Майтай» (аўдыёпрэм’ера)

Праект «Майтай» прадстаўляе ў чарце на Tuzin.fm «Полымя». На першы беларускамоўны твор лідэр каманды Андрэй «Тай» Дзяркоў натхніўся творамі Ўладзімера Караткевіча і сьвяткаваньнем 20-годзьдзя беларускамоўнай плыні гістфаку БДУ.

Аснова песьня «Полымя» напісана яшчэ ў пачатку 2013 году. Але з-за таго, што у той час гурт «Майтай» працаваў над альбомам «Рассветы» ў музыкаў бракавала часу на тое, каб яе дарабіць. Канчаткова давялі да ладу твор у студзені 2014-га. Наведнікі Tuzin.fm пачуюць першымі беларускамоўны дэбют праекту Андрэя Дзяркова.

Лідэр «Майтай» распавядае, што наважыўся на стварэньне песьні пасьля ўдзелу ў сьвяткаваньні 20-годзьдзя беларускамоўнай плыні гістарычнага факультэту БДУ, а таксама дзякуе за натхненьне Ўладзімеру Караткевічу — у той час якраз Андрэй прачытаў першыя два тамы са збору твораў пісьменьніка. «Мара стварыць песьню на роднай мове існавала ўжо даўно, але пасьля гэтых падзеяў яна нарэшце пераўтварылася ў рэальнасьць. Хутчэй за ўсё, проста надыйшоў патрэбны час. У чымсьці ў „Полымі“ разьвіваюцца тыя думкі, якія былі закладзены ў альбоме „Рассветы“ — пра духоўны пошук ды вечныя пытаньні жыцьця. Праз тое, што песьня гучыць на беларускай мове, у ёй зьяўляюцца некаторыя адметныя рысы, якія мяняюць сэнс. Калі б яна гучала па-расейску, гэтыя адметнасьці страціліся б», — кажа выканаўца.

Запіс беларускамоўнага сынглу адбыўся на студыі «Селах» разам з гукарэжысэрам Андрэем Баброўкам. «Майтай» (раней гурт зваўся «Тайланд») цяпер працуе такім складам: Павал Трацяк (гітара), Алесь Францішак-Мышкевіч (бас), Павал Мамонаў (барабаны), Андрэй Тай (вакал, гітара).

Цікава, што «Полымя» мае яшчэ альтэрнатыўны варыянт, які зьявіцца ў сеціве ў траўні. Гэта будзе невялічкі экспэрымэнт, але ў гэтым кірунку гурт таксама хоча працаваць у будучыні. А на 12 чэрвеня ў клюбе «Tarantino» заплянаваны сольны канцэрт гурту Андрэя Дзяркова. «Полымя» будзе не адзінай песьняй па-беларуску ў рэпэртуары гурту «Майтай» — увосень плянецца паказаць яшчэ адну.

Tuzin.fm

Майтай — Полымя (музыка і словы: Андрэй «Тай» Дзяркоў). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Невыпадковы сум жыве ў глыбіні вачэй.

Ці ведаеш ужо колькі дзён? І таямнічых начэй?

Жаданьне дасягнуць нябёс прынесла нам гэты сум.

Разбураны зорачны мост стаіць на нашым шляху.

Прыпеў:

Трэба каб сьціхлі змрочныя думкі ў стомленым розуме,

Каб павольна ісьці нам удвух па квітнеючым полі,

І пачуць у сваіх сэрцах старажытнае моцнае полымя,

Каб падняцца нарэшце на вежу ўласнай свабоды.

Каб убачыць ці ёсьць, што яшчэ

За межай свабоды.

 

Неверагодны лёс доўга чакаў пад акном,

Можа хто пойдзе за ім, пакіне ўтульны дом.

Цяпло шматпакаёвых кватэр ніхто не зьмяніў на абшар,

Зьбіраемся толькі мы ў краіну нястрачаных мар.

Прыпеў

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    15.04.2014 / 13:20

    Як каму песьня Дзяркова? Ці цікавей выглядае "Майтай" па-беларуску? ("Майтай" па-расейску можна паслухаць тут http://experty.by/node/2316)

  • Мікола Астрожскі
    Мікола Астрожскі / адказаць
    15.04.2014 / 17:46

    Вельмі...Вельмі добра! Па стылю выкананьня аля 90-ыя, кшталту агаты крысьці, й Бутусава

  • Maksim Harda
    Maksim Harda / адказаць
    23.04.2014 / 01:11

    вельмі якасна. поспіхаў

  • КАМЕНТАВАЦЬ