Над горадам
4836 / 0
23.04.2019

Узьняцца па-над мітусьнёю. Нечакана рамантычны самотнік ад «Закону Гука» (прэм’ера)

Аўтары найлепшай песьні 2018 году паводле слухацкага выбару на TuzinFM, гурт «Закон Гука» прэзэнтуе сваю новую кампазыцыю «Над горадам».

Назва кампазыцыі невыпадкова адсылае да працаў Марка Шагала. «Наша новая песьня ёсьць сучасным гарадзкім рамансам, яна прасякнутая рамантычнай лёгкасьцю і палётам, як і шэдэўры віцебскага мастака. Таму мы і абралі ў якасьці вокладкі ягоную „Прогулку“», — кажа аўтар песьні і вакаліст гурта Лёкса Кузьмін.

«Закон Гука» перамог у Мэгатуры зь песьняй на словы Вацлава Ластоўскага

У кампазыцыі распавядаецца пра гісторыю двух закаханых, якія ўзвышаюцца над штодзённай мітусьнёй і фармальнасьцямі. «Іх пачуцьці апынаюцца вышэй за чалавечыя жарсьці і чэргі па талёнчыкі ў рэгістратуру ды нясуць іх бліжэй да зорак і месяца — туды, дзе хопіць месца ўсім закаханым сэрцам. Гэты настрой мы імкнуліся перадаць у музыцы», — кажа аўтар.

Песьня «Над горадам» возьме ўдзел у 1-м туры аўдыёчарту на TuzinFM у сэзое 2019/2020.

TuzinFM

Закон Гука — Над горадам (музыка гурта, словы Лёксы Кузьміна)

 

А калі ноч адкрые свае тайны

І гэты дзень ужо мінуе проч

Ты не сьвятая, не сьвятая, не сьвятая

Дзяўчына, разам будзем вандраваць усю ноч. (2 разы)

 

Вось родны дом, знаёмыя мясьціны

Дзяцінства там, ня вернецца ўжо

Мы не сьвятыя, не сьвятыя, не сьвятыя

Каго раней любілі, іх няма даўно.

 

Прыпеў

З табой ідзем уначы, ды не хачу плаціць

За гэты вечар і за ветра пах

Я абдыму цябе і будзем ізноў ляцець

Над гэтым горадам, завязлым у правадах ()

 

Стары касьцёл, царква, рака ў нізе

Мой родны горад, я не патрыёт

Але ж сьвяці мне, ты сьвяці мне, ты сьвяці мне

І можа лепей стану ад тваіх пяшчот.

 

Прыпеў

З табой ідзем уначы, ды не хачу плаціць

За гэты вечар і за ветра пах

Я абдыму цябе і будзем ізноў ляцець

Над гэтым горадам, завязлым у правадах ()