Фрагмэнты
1174 / 0
28.02.2019

Maximalism: «Сьпяваць па-беларуску — гэта новы ўзровень шчырасьці» (прэм’ера)

Фіналісты «Засьпявай-5», гурт Maximalism прэзэнтуе на TuzinFM свой выпускны трэк, зроблены падчас удзелу ў конкурсе. Ягоная жывая прэм’ера пройдзе 9 сакавіка пры падтрымцы Palina — праекту Паліны Рэспублікі.

Трэк «Фрагмэнты» — плён супрацы канкурсантаў з паэткай Ганнай Комар. Менавіта яе верш яны абралі для таго, каб пакласьці на музыку ў межах конкурсу. «Я адразу зразумела, што хачу ўзяць верш гэтай паэткі. Напэўна, гэта як з каханьнем зь першага погляду — я прачытала „Фрагмэнты“ ды яшчэ некалькі іншых твораў і зразумела, што гэта тое, што я шукала. Творчасьць Ганны жывая, паміж яе радкоў бачыш асобу і чуеш гісторыі», — распавядае сьпявачка і кампазытарка Алеся Друк.

Тая самая кніга Ганны Комар, зь якой быў узяты верш «Фрагмэнты», фота з суполкі паэткі

Падчас працы над трэкам аўтарка музыкі і аўтарка словаў пазнаёміліся і разам адаптавалі верш для песьні. На запіс дэма-вэрсіі было ўсяго тры дні, таму першапачаткова песьню зрабілі ў звыклым фармаце, дзе прыпеў чаргуецца з куплетам. Але гэта ня тое, што ім хацелася ў ідэале, — прызнаюцца музыкі. Таму яны вырашылі істотна перапрацаваць трэк, калі трапяць у фінал. «Нам хацелася, каб тэкст Ганны знаходзіўся ў атачэньні нашых улюбёных гукаў, каб музыка стварала настрой і атмасфэру, а тэкст вёў за сабой. Нам вельмі блізка тое, што атрымалася ў фінале», — кажа Алеся. Дарэчы, асноўная партыя была запісаная на вінтажным сынтэзатары зь Японіі.

Алеся дзеліцца сваімі ўражаньнямі ад удзелу ў «Засьпявай-5»: «Сьпяваць па-беларуску — гэта наогул нейкі новы ўзровень шчырасьці. Калі пяеш па-ангельску, то затуманьваеш свае думкі, а тут яны зразумелыя і ясныя. А наогул вельмі крута, што ёсьць такі конкурс. Гэта нагода выбрацца са студыі і пазнаёміцца зь цікавымі людзьмі. Сьпявачка Ірэна Катвіцкая дала нам веру ў тое, што па-беларуску можа атрымацца выдатна і паказала куды глядзець. Дызайнэрка Наста Шастак дала нам неверагодную колькасьць карыснай інфармацыі і адкрыла новыя шляхі камунікацыі са слухачамі. Ну, і канечне, проста ашаламляльная паэтка Ганна Комар, зь якой мы ўжо наладзілі далейшую супрацу», — падсумоўваюць музыкі.

На сваім «выпускным» канцэрце ў межах «Засьпявай-5» яны рыхтуюцца пашырыць межы ўяўленьня свайго лайв-сэту, найперш самі для сябе. Прагучаць перакладзеныя на беларускую ранейшыя трэкі і зусім новыя, а таксама яшчэ адзін верш Ганны Комар, пакладзены на музыку, пад назваю «Трыпутнік», прычым у акустычным варыянце. Выступ фіналістаў «Засьпявай-5» падтрымае Паліна Рэспубліка (Palina), якая зайграе паўгадзінны сэт са сваіх найлепшых твораў. Колькасьць месцаў абмежаваная, сьпяшайцеся набыць квіткі.

Музыкі маюць намер перавыдаць у перакладзе на беларускую свае ангельскамоўныя трэкі, якія раней пабачылі сьвет у Вялікабрытаніі, Нямеччыне, Украіне і Нідэрляндах. А таксама рыхтуюць новы самотнік — той самы «Трыпутнік». Сачыць за навінамі гурта можна праз афіцыйную суполку.

TuzinFM

Maximalism —Фрагмэнты (музыка Алесі Друк, словы Ганны Комар)

Ведай ты нават ня пазл

Ведай ты мой любы квілт

Ты сабраны па фрагмэнтах

І цябе не замяніць

 

Я зьбіраю цябе адзіны мой

Зьлізваю з вуснаў мужчын

Я шукаю цябе адзіны мой

Дзе пяюць на іншых мовах

 

Я ствараю цябе адзіны мой

Iмёны, месцы і час

Я зьмяшаю твае рысы ў адно

Твае рысы ў адно

 

Ведай ты нават ня пазл

Ведай ты мой любы квілт

Ты сабраны па фрагмэнтах

І цябе не замяніць