Песьня пра балота
2229 / 0
23.01.2019

Любоўная баляда ад TonqiXod на разьвітаньне (аўдыё/відэа)

Адзін з самых яскравых гуртоў апошняга 5-годзьдзя, TonqiXod прэзэнтуе ў аўдыёчарце на TuzinFM жывую вэрсію «Песьні пра балота» — быць можа апошняга трэку ў сваёй гісторыі.

Трэк «Песьня пра балота» прагучаў у студыі Belsat Music Live пры канцы 2017 году. Гэта апошні запіс, які зрабіў гурт. На момант выхаду праграмы музыкі абвесьцілі пры прыпыненьне сваёй дзейнасьці і атрымалі прэмію «Героі году» ад TuzinFM. Наўздагон іх альбом «Колер якога няма» атрымаў на ўзнагародах Experty.by перамогу ў чатырох намінацыях, уключна з галоўнай — «Найлепшы альбом году», у сувязі з чым музыкі ўсё ж сабраліся разам, каб даць разьвітальны канцэрт. Ад пытаньняў адносна далейшай будучыні гурта ўдзельнікі каманды ўхіляюцца.

Відэа са студыі #BML раім абавязкова даглядзець да канца.

Глядзець #BML з TonqiXod цалкам

«Песьню пра балота» яе аўтар Уладзь Лянкевіч адносіць да «рэльефацэнтрычных» песень — у іхным шэрагу, напрыклад «Камняпад» і першы гіт «Насыпаць горы». Тут балота выступае мэтафараю нечаканага і невытлумачальнага каханьня, якое зацягвае ўсё глыбей, тлумачыць аўтар. Да ўсяго, тэкст сьведчыць пра багацьце беларускае мовы — у песьні згадваецца зь дзясятак сынонімаў слова «балота»!

Студыйныя запісы можна паслухаць на старонцы гурта на TuzinFM.

TonqiXod — Песьня пра балота (музыка гурта, словы Ўладзя Лянкевіча)

TuzinFM, фота Ягора Бабія

усё пачалося з таго што я перастаў

розьніць дождж і сьнег

розьніць дождж і сьнег

 

дыхнуў вецер — рыпнулі весьнічкі

ты ўпала з дрэва лужынай на дарогу

[лужына на досьвітку]

я праходзіў побач — трапіў лапкамі

ты загарнула далоні і шэпчаш цяпер:

 

багоўка багоўка

божая кароўка

паляці на небка

прынясі нам хлебка

чорнага і белага

толькі негарэлага

 

а я не палячу

а я не палячу

 

неспадзявана ўраз

зьнячэўку й раптам

нечакана зьнянацку

самахоць у балота

спакваля неўпрыцям цішком

незаўважна паціху

ціхачом і паволі

самахоць у балота

 

ты мая любая імшара алёс

багна балота дрыгва і твань

ты мая багна дрыгва і твань

морач круговіна вязь ды алёс

 

ты мяне зацягнеш

ты мяне зацягнеш

 

ты трасавіна дрыгва і твань

морач круговіна багна алёс

 

ты мяне зацягнеш

ты мяне засмокчаш

ты маё балота

болатца маё

 

твае абдымкі былі незамкнёныя я ўвайшоў

твае абдымкі былі незнаёмыя я ўвайшоў