Тры сонцы
763 / 0
27.11.2018

Руся пра джаз-вэрсію «Тры сонцы»: «Я атрымала асалоду!» (аўдыё/відэа)

Праз 15 гадоў пасьля стварэньня ў джазавай вэрсіі загучаў галоўны гіт гурта Indiga «Тры сонцы».

Песьня «Тры сонцы» была візытоўкаю рок-гурта Русі Indiga. Сьпявачка ўзгадвае, што зьявілася песьня пад уражаньнем ад вершаў Веліміра Хлебнікава, якім яна захаплялася разам са сваім тагачасным мужам і гітарыстам каманды Зьмітром Дзямідавым. Агулам жа прыпеў пра тры сонцы — гэта мэтафара адносінаў у гурце. Русю атачалі тры мужчыны, а радкі «Самы першы, як ты. Самы лепшы, як ты» адрасаваліся непасрэдна Зьмітру. Ён, дарэчы, далучыўся да запісу джазавай вэрсіі гэтай песьні разам з гуртом Apple Tea.

«Я вельмі радая, што мы са Зьмітром сустрэліся на здымках, — кажа Руся. — Гэта як гісторыя з кіно. Зьміцер выдатны гітарыст, вельмі музычны і таленавіты і ягонае сола ўпрыгожыла песьню. Агулам жа новая вэрсія „Трох сонцаў“ мне вельмі спадабалася. Я не чакала, што рок-песьня так прыгожа і гарманічна будзе гучаць у джазавай музыцы. Ігар Сацэвіч, канечне, майстра! Гэта праца была асалодай. Дзякую Apple Tea і арганізатарам гэтага праекту за такую прыгожую працу».

Джазавая вэрсія «Трох сонцаў» прэзэнтуецца ў межах адмысловага туру на TuzinFM.

Руся, Зьміцер Дзямідаў feat. Apple Tea — Тры сонцы (музыка Зьмітра Дзямідава, словы Русі)

TuzinFM

Мора… Яго спаткае сьветам празрыстым бераг.

Па небе пралятаюць два белых ветры

Ў доугi шэраг i чапляюць неба.

Бераг гаворыць-гарыць, што чакае ён днi,

Калi кiне агнi ў ваду, што бьецца аб сьцены з размаху.

Аб Чорныя сьцены.

 

Тры сонцы стаяць на небе вартыя першых песень.

Тры ветры крылом на плаху вартыя першых жахаў.

 

Тры сонцы на небе вартыя першых песень

Самых лепшых, як ты…

 

Мора… яго спаткае Ноч i вада чарнее.

Неба са мною вiтаецца першымi гукамi ночы,

Я ведаю хочаш… Бераг гаворыць-гарыць,

Што чакае ён днi, калi кiне агнi ў ваду,

Што бьецца аб сьцены з размаху.

Аб Чорныя сьцены.