Сьвятло ў цемры
848 / 0
23.11.2018

«Цемра сьвятла ня згасіць». Галоўны гіт IQ48 у джазе (аўдыё)

Вакаліст няіснага ўжо гурту IQ48 Аляксандар Ракавец выканаў песьню на словы Міхала Анемпадыстава разам з гуртом Apple Tea.

Песьня «Сьвятло ў цемры» была напісаная для гурта IQ48 паэтам Міхалам Анемпадыставым. Адразу пасьля яе прэм’еры яна ўвайшла ў лік галоўных песень каманды. У сэзоне 2005/2006 гэты трэк быў у лідэрах у чарце на «Тузіне Гітоў»  і па выніках сэзону саступіў толькі песьні «Аўтабіяграфія» Ігара Варашкевіча і Лявона Вольскага, беларускай вэрсіі гіта гурта Perfect, якую зрабіў зноў жа Міхал Анемпадыстаў.  Праз 12 гадоў пасьля напісаньня «Сьвятло ў цемры» прагучала ў новай нечаканай аранжыроўцы гурта Apple Tea для навагодняга джазавага праекту «10 год прыгод».

«Мне надзвычай спадабаўся гэты экспэрымэнт! Выйшла вельмі цікава», — зазначае вакаліст Аляксандар Ракавец, які ўпершыню за год выйшаў на сцэну. IQ48 апошні канцэрт адыгралі ў сьнежні 2017 году, калі прэзэнтавалі свой новы альбом «Трымай свой час». Пасьля гэтага гітарыст каманды Яўген Бузоўскі заявіў пра свой сыход і больш музыкі разам не зьбіраліся.

Джазавая вэрсія «Сьвятла ў цемры» прэзэнтуецца ў межах адмысловага джазавага туру на TuzinFM.

Аляксандар Ракавец feat. Apple Tea — Сьвятло ў цемры (музыка IQ48, словы Міхала Анемпадыстава)

TuzinFM

Навакольле ў сутоньні тоне,

Цемра лезе праз падваконьне,

Лезе ў душу ды сьлепіць вочы.

Цемра хоча, каб гэтае ночы

Не было. Ні сьвятла, ні надзеі,

Каб ня ведалі, хто мы і дзе мы.

Каб дарогу згубілі ў змроку.

І каб ні духу. Ні руху. Ні кроку.

 

Цемра хоча, каб ціха сядзелі па норах,

Каб палохаў газэтны шорах,

Каб са страху нам замкнула мову,

Каб забыліся простыя словы.

Толькі гэтак ня будзе, браце,

Каб нам у норах са страху памерці!

Ніколі цемра сьвятла ня згасіць!

Сьвятло ў цемры заўсёды сьвеціць!

 

Сьвеціць сьвятло ў цемры,

І цемра сьвятла ня згасіць!

Сьвеціць сьвятло ў цемры,

І цемра сьвятла ня згасіць!

 

Толькі гэтак ня будзе, браце,

Каб нам у норах са страху памерці!

Ніколі цемра сьвятла ня згасіць!

Сьвятло ў цемры заўсёды сьвеціць!