Там лета
4011 / 0
22.08.2018

Гурт «Мама» Яна Маўзэра выдаў беларуска-ўкраінскі самотнік (прэм’ера)

Ян Маўзэр прэзэнтуе на TuzinFM свой новы трэк «Там лета» ў дзьвюх моўных вэрсіях. Песьня па-беларуску бярэ ўдзел у першым туры аўдыёчарту на TuzinFM у новым сэзоне.

«Спачатку я ўяўляў яе як клясычную рок-баляду з раялем, ветрам у валасы й іншымі стандартнымі атрыбутамі. Але гітарыст Сяргей прапанаваў аранжыроўку, блізкую да новай хвалі й нам гэта спадабалася. Адрынулі мэлёдыю прыпева, якая існавала, бо чамусьці пасьля запісу прыпеў стаў нагадваць Яраслава Еўдакімава. Атрымаўся трэк, які вы можаце цяпер пачуць», — кажа Ян з нагоды прэм’еры на TuzinFM.

Адметна, што напісаная «Там лета» была ў 2011 годзе, але толькі цяпер аранжаваная і запісаная — на студыі «ФДР» у Кіеве, дзе цяпер жыве Ян Маўзэр. У запісе трэку акром яго паўдзельнічалі Сяргей Нікалайчанка (гітара, клявішы), Артур Макееў (бас), Мікалай Тамасішын (бубны). Гукарэжысэр — Яраслаў Вільчык.

Песьня «Там лета» таксама перакладзеная на ўкраінскую мову. І ўжо гучыць на ўкраінскіх радыёстанцыях. «Там літо» можна паслухаць на канале TuzinFM у Soundcloud.

Гурт «Мама» колішняга лідэра культавай беларускай каманды «Mauzer» існуе чацьверты год. Музыкі запісалі ўжо некалькі яскравых песень, адна зь якіх «Будзь злой» стала найлепшай на TuzinFM у сэзоне 2014—2015. Але каманда дагэтуль не дала ніводнага канцэрту. «Цяпер працуем на студыі над далейшымі песьнямі. Калі напрацуем на альбом, ён жа стане й канцэртнай праграмай — пачнем выступаць. Але калі гэта адбудзецца — плянаваць не бярэмся», — распавядае Ян адносна сваіх далейшых намераў. Падрабязьней пра гурт «Мама» можна дазнацца на афіцыйным сайце каманды.

Мама — Там лета (музыка і словы Яна Маўзэра). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

TuzinFM

Там лета

Прачнесься ад сонечных зайчыкаў,

Сёньня заўсёды субота,

Ты ходзіш па доме бяз майтачкаў,

Пухнатая й безклапотная,

Там лета, аблокі высока,

Там ветра ласкавыя рукі,

Там расцалаваныя шчокі,

Там позіркаў сьмелыя рухі.

Ты любіш маму й тату,

Ня верыш прагнозам надвор’я,

Ты пахнеш салодкай ватай.

Тут восень, бо тут не з табой я.

Ідуць у вакно сьляпыя дажджы,

Усьмешкамі зьзяе чысты асфальт,

Машыны засынаюць у гаражы.

Вазьміце мяне туды

Назад.