14192 / 2
30.05.2018

Buben Naruszewicz Baisan. Пад узьдзеяньнем філязофіі лагом

Праект Buben Naruszewicz Baisan прэзэнтуе ў новым сэзоне альбомнага чарту на TuzinFM свой другі альбом «Enighet Ensamhet», у якім электронна-джазавыя экспэрымэнты спалучыліся з паэзіяй.

Дыск цалкам запісаны на аналягавым абсталяваньні, прычым у адзін дубль. Такім чынам запісаная студыйная сэсія пераносіць слухача ў атмасфэру  жывых выступаў калектыву. У гэтым і палягае адрозьненьне ад дэбютніка трыё. «Мы мелі разважлівы студыйны альбом, але на канцэртах усё выглядала інакш. Таму на другім альбоме мы вырашылі перадаць гэтую атмасфэру шалёнага драйву музыкі і словаў, калі ўсе імправізуюць як на жывых выступах — з паўзамі, момантамі смакаваньня віскі ды размовы між удзельнікамі», — тлумачаць музыкі. Яны кажуць, што іх унутраны сьвет добра апісвае швэдзкая філязофія сьветаадчуваньня лагом, таму яны і ўзялі ў загаловак альбому два цэнтральныя тэрміны зь яе — Enighet i Ensamhet, якія абазначаюць свабоду і ўзаемазгоду. Як і ў першым альбоме, Байсан адказны за тэксты і дэклямацыю, Леанід Нарушэвіч за гітарныя імправізацыі, Улад Бубен — за электроніку.

Альбом «Enighet Ensamhet» прыязна ўспрынялі беларускія і замежныя музычныя журналісты. «Вакал настолькі напружаны і пераканаўчы, што яго немагчыма ігнараваць. Пры гэтым арыгінальныя аранжыроўкі. Гэты альбом разьнявольвае і ўводзіць у стан стрэсу адначасова», — зазначыла Эмілія Высоцкайтэ. «Як і кожная мэлядэклямацыя пад абстрактны джаз, гэты альбом здольны ўздзейнічаць толькі ў двух рэгістрах: нэрвовага непрыняцьця ці стрыманай павагі», — адрэагаваў культуроляг Максім Жбанкоў. Акром яго і літоўскай журналісткі ў топ-10 найлепшых беларускіх альбомаў 2017 году гэтую працу таксама ўключылі Тацяна Заміроўская, Ілмарс Шлапінс (Літва), Ян Блашчак (Польшча) і Віктар Сямашка.

TuzinFM

КАМЕНТАРЫ: