Кройцбэрг
470 / 0
29.05.2018

Дзень сурка па-кройцбэрску (аўдыё)

У новым сэзоне 2018/2019 гурт «Тлушч» прэзэнтуе ў аўдыёчарце на TuzinFM новую песьню «Кройцбэрг», напісаную пад уражаньнем ад наведваньня тусовачнага раёну Бэрліну.

У Бэрлін музыкі завіталі ў межах свайго эўратуру ў 2014 годзе. Тая вандроўка настолькі ўразіла лідэра каманды Паўла Белага, што ён напісаў пасьля песьню пад назваю «Кройцбэрг». «Нам пашчасьціла пабываць у гэтым славутым тусовачным раёне. Падалося, што людзі там прачынаюцца бліжэй да вечару і выпаўзаюць на вуліцу каб, як і ўчора, як і пазаўчора, распачаць паб-кроўл. Такі дзень сурка па-кройцбэрску. Зрэшты, каб жыць у такім рытме, зусім неабавязкова ехаць у Кройцбэрг», — распавядае музыка.

Сёлета адна з самых актыўных панк-рокавых камандаў краіны па вяртаньні з туру па Азіі, засела ў студыі, каб запісаць свае новыя трэкі. Яны аформіліся ў EP «Зашквар». Песьня зь яго «Вечнасьць» трапіла ў якасьці саўндтрэку ў польскі сэрыял «Nielegalni»Зьняліся ў ім і самі музыкі, у ролі, як гэта ні дзіўна, панк-гурту. Выхад сэрыялу плянуецца ў 2019 годзе. Цалкам EP можна паслухаць у афіцыйнай суполцы каманды.

Тлушч — Кройцбэрг (музыка і словы гурта). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

TuzinFM

Позна, нейкі бар, панядзелак, Кройцбэрг.

Безь пяці хвілін ляўрэат Гедройцу.

Пляшка сідру, ноўт на стале са шпону.

«Чорны Сьцяг» гучыць ціха-ціха, фонам.

 

Не шукай прыгод у зашпрэйскай цемры.

Як казаў калісь нехта Ролінз Гэнры:

«Я сяджу ў вакна, я памыў падлогу».

І няма каму мне сказаць: «Мадлоба».

 

З паліто вада залівае кафель.

Мне, бадай, яшчэ хопіць на фалафель.

Што я вывучыў з гэтай авантуры

уначы блукаць лепей з арматурай.

 

Парк пусты, ліхтар, лава, ногі накрыж.

А чаму б і мне не паслаць усё на хрэн?

Кінуць гэта ўсё і хутчэй дахаты,

дзе жывуць мая Mutter і мой Vater.