Усе песьні сьпетыя
697 / 0
14.05.2018

Akute з сынтэзатарам адкрывае сакрэты шавасаны (аўдыё)

Магілёўскі гурт прэзэнтуе ў чарце на TuzinFM песьню пасьля якой, як сьцьвярджаюць музыкі, ніхто і ніколі ня зможа быць такім, як раней.

Песьню «Усе песьні сьпетыя» Akute прэзэнтавалі сёлета ў выглядзе сынглу. Музыкі патлумачылі, што гэта плён іх экспэрымэнтаў з сынтэзатарам, які падаравалі Стасу Мытніку. Музыка паўстала імгенна, а вось вакал пісаўся доўга, толькі сёмая вэрсія зьвядзеньня задаволіла выканаўцаў: «Гэта нетыповая для нас праца зь нежывымі інструмэнтамі, таму мы крыху не разумелі спачатку, як правільна адладзіць, напрыклад, нізкія частоты. У будучыні, калі гэтыя вопыты прыжывуцца, мы плянуем і далей экспэрымэнтаваць з сынтэзатарным гукам».

З нагоды прэзэнтацыі ў чарце на TuzinFM Раман Жыгараў распавёў, якую ідэю ён укладаў у тэкст песьні: «Яна адкрывае патаемны касьмічны сэнс існаваньня. Пасьля яе ніхто і ніколі ня зможа быць такім, якім быў дагэтуль. Яна карэнна мяняе самыя асновы чалавечага жыцьця, пераналаджваючы яго на новыя невядомыя нам самім колы, адкрывае сакрэты нірваны і шавасаны».

Менавіта паводле гэтай песьні Akute назвалі свой вяснова-летні фэстывальны тур. У найбліжэйшы час гурт выступіць на рок-мота-фэсьце ў Гомелі (19.05), на рок-фэсьце ва ўкраінскім Хмяльніцкім (26.05), на плошчы Свабоды ў Менску на днях Швэцыі (2.06), на фэсьце «Наш дзень» у Строчыцах (30.06). А на восень рыхтуецца да выхаду пяты нумарны альбом гурта. Болей інфармацыі пра канцэрты — у афіцыйных суполках гурта УК/FB.

Песьня возьме ўдзел у першым туры аўдыёчарту на TuzinFM у сэзоне 2018/2019.

Akute — Усе песьні сьпетыя (музыка Станіслава Мытніка, словы Рамана Жыгарава). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

TuzinFM

Па дарозе ў рай
Так проста згубіцца
Давай давай, нам
Не астанавіцца

Дзе ты, песьні сьпетыя табе
Забытыя. Кожны дзень
Пачні хавацца ад людзей
Пераблытаныя ўсе
Песьні былі сьпетыя табе
Забытыя

Па дарозе ў рай 
Не аставіцца 
Успамінай нас 
Каб не згубіцца 

Дзе ты, песьні сьпетыя табе 
Забытыя. Кожны дзень 
Пачні хавацца ад людзей 
Пераблытаныя ўсе 
Песьні былі сьпетыя табе 
Забытыя. Кожны дзень 
Пачні хавацца ад людзей