Маё сэрца
2350 / 0
18.04.2018

«Не здаецца, б’ецца маё сэрца». Новы беларускамоўны гіт ад гурта Trubetskoy (прэм’ера)

Гурт Trubetskoy прэзэнтуе на TuzinFM сваю новую песьню «Маё сэрца», бадзёры і аптымістычны гімн вясьне і жыцьцю.

Лідэр гурту Павал Булатнікаў распавядае, што гісторыя гэтай песьні пачалася з гады два таму. «Нам часта дасылаюць песьні розныя аўтары, але ў рэпэртуар з гэтых прапановаў мала што трапляе. Мы даволі пераборлівыя, таму зачапіць нас няпроста. Але ў гэтым выпадку пару радкоў заселі ў маёй галаве, і ў пэўны момант я раптам пачуў, як яны павінны гучаць — і мэлёдыю, і вось гэты трыёльны біт прыпеву», — распавядае Павал. Канчаткова музыку ён аформіў з Русланам Уладыкам, нязьменным гітарыстам гуртоў «Ляпіс Трубяцкі» і Trubetskoy. А тэкст Дзяніса Валенцюкевіча са згоды аўтара адаптаваў Аляксандар Памідораў. «Вельмі рады выніку, бо атрымаўся вельмі бадзёры, аптымістычны і вясновы трэк», — зазначае Павал.

Новы сынгл Trubetskoy запісаў абноўленым складам. Пасьля сыходу з каманды Алеся-Францішка Мышкевіча ў гурт прыйшоў Дзьмітры Сьвірыдовіч, які 16 гадоў граў на бас-гітары ў «Ляпісе Трубяцкім» (1990—2006), а летась увосень да каманды далучыўся адзін зь вядучых джазавых піяністаў Беларусі Зьміцер Хаменка.

Упершыню ўжывую «Маё сэрца» мае прагучаць на акустычным выступе гурта ў менскім бары Beer&Wine 19 красавіка. Надалей гурт едзе ў першы ў сваёй гісторыі тур па Далёкім Усходзе, выступае з канцэртам у Маскве ды распачынае лета з фэсту ў Бэрліне. На пачатку восені Trubetskoy зьбіраецца прэзэнтаваць EP з новымі трэкамі. Сачыць за навінамі каманды можна праз афіцыйную суполку.

Песьня «Маё сэрца» возьме ўдзел у восеньскім туры аўдыёчарту на TuzinFM у сэзоне 2018/2019.

Trubetskoy — Маё сэрца (музыка Руслана Ўладыкі, Паўла Булатнікава, словы Дзяніса Валенцюкевіча, Аляксандра Памідорава). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

TuzinFM, фота Алёны Ходар

Нават у сумныя дні

Не самотныя мы

Толькі ў сэрцы маім зноў няма цішыні

Можа быць і дарма

Але гэтак мне трэба

І ў вачах маіх блакітнае неба

 

Прыпеў:

Ірвецца цішыня калі граю я

Не здаецца, б’ецца маё сэрца

 

Як выходзіш сьпяваць

Сэрца рух не стрымаць

Сэрца песьню пакажа — а мне так і трэба!

Нават у сумныя дні

Не самотныя мы

І ў нашых вачах блакітнае неба

 

Прыпеў:

Ірвецца цішыня калі граю я

Не здаецца, б’ецца маё сэрца

Хопiць цішынi — гэта граем мы!

Не здаецца, б’ецца маё сэрца