8053 / 0
31.01.2018

Гісторыя пераўтварэньня ваўка ў чалавека ад «Млыну Сонца»

У новым туры відэачарту на TuzinFM гомельскі фэнтазі-фольк гурт «Млын Сонца» прэзэнтуе кліп на песьню «Ваўкалак».

«Ваўкалак» — дэбютны кліп гурту «Млын Сонца». Яго зьняў рэжысэр Яўген Іваноў, студэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Вакаліст каманды Цімафей Палунін кажа, што гэта быў пэўны творчы сымбіёз, у выніку якога кожны атрымаў сваю карысьць.

Здымаўся матэрыял у Менску і ваколіцах узімку 2016—2017 году. Праз мастацкія вобразы ў кліпе перададзены сюжэт і атмасфэра беларускай легенды пра Ваўкалака, пакладзенай у аснову песьні з дэбютнага альбому «Ростань», які выйшаў у 2015 годзе. «Мы спыніліся менавіта на гэтай кампазыцыі, бо сюжэт адпавядаў умовам надвор’я, якое было падчас здымак, і тым тэхнічным магчымасьцям, якімі мы валодалі», — тлумачыць Цімафей.

Дарэчы, наступны кліп гурту «Калядная ноч» — таксама студэнцкі. Яго зьняла Марыя Чарвінская ў якасьці дыплёмнай працы для Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Ён узяў удзел у зімовым туры відэачарту.

Млын Сонца — Ваўкалак (рэжысэр — Яўген Іваноў)

TuzinFM