Нёман
8711 / 0
20.12.2017

Teleport. Зь Нёманам гаварыць (аўдыё+відэа)

Пераможцы «Басовішча-2017» прэзэнтуюць у зімовым туры на TuzinFM свой новы гіт «Нёман», які быў запісаны жыўцом у студыі праграмы Belsat Music Live.

Аўтар кампазыцыі, лідэр Teleport Яўген Цярэнцьеў распавядае, што яна зьявілася адной зь першых пасьля зьменаў у складзе гурту, калі сышоў другі вакаліст і суаўтар Максім Мацэвіч. Асноўная тэма кампазыцыі нарадзілася падчас імправізацыі перад паездкай на Tallinn Music Week. «Аповед вядзецца ад асобы маладога чалавека, якога трывожыць бясконцая адзінота і адольваюць сумневы. Ягоныя пачуцьці настолькі абвостраныя, што ён, седзячы зорнай ноччу на беразе, размаўляе з ракой, і яна пачынае яму адказваць. Навакольле, прадметы, гукі, зьявы набываюць рысы жывых істот, ствараючы ілюзію казачнага сьвету, у які можна зьбегчы, пазбавіцца болю, на нейкі час знайсьці тое, што ты шукаў усё жыцьцё», — распавядае Яўген. «Нёман» абяцае стаць адным з цэнтральных трэкаў у будучым студыйным альбоме гурту, а пакуль існуе ў жывым выкананьні. Запіс зроблены для праграмы Belsat Music Live.

Глядзець цалкам выданьне Belsat Music Live з Teleport

Гэтай восеньню Teleport даў выдатны сумесны канцэрт у Менску зь пераможцам «Басовішча-2016» — гуртом .К., а таксама зьезьдзіў на маскоўскі фэст «Индюшата», які з 1990 году ладзіць знаны расейскі прадусар і журналіст Аляксандар Кушнір. «Гэты гурт купіў нас, як маленькіх, песьнямі па-беларуску — наколькі абаяльнымі, настолькі і незразумелымі, г. зн. нібы ўсё ясна, але ня ўсё…» — патлумачылі арганізатары свой выбар. Неўзабаве гурт рыхтуе сюрпрыз для сваіх прыхільнікаў. Музыкі кажуць, што гэта будзе адно з двух — або фіт з крутым беларускім рэпэрам або рэліз з акустычнымі вэрсіямі сваіх песень. Сачыць за навінамі каманды можна праз афіцыйную суполку.

Teleport — Нёман (музыка гурту, словы Яўгена Цярэнцьева)

TuzinFM

Хээээй…

А месяц не старэе

барвовы і шалее

Хэээй…

а зоры асьмялелі

ўсю ноч гулялі-елі

са мной гулялі-пелі

Лета

Скідае Нёман маску

Нібыта мае ласку

Скідае Нёман маску,

і я разам зь ім

Думкі быццам дым…

і я разам зь ім

Думкі быццам дым…

 

Хээээй…

а месяц не старэе

барвовы і шалее

і танчаць, нібы дзеці

ў сьвятле халодным феі

Лета

Скідае Нёман маску

Нібыта мае ласку

Скідае Нёман маску,

і я разам зь ім

Думкі быццам дым…

і я разам зь ім

Думкі быццам дым…