У шэрым змроку
6616 / 1
26.10.2017

Жывы голас у бязмоўнай пустэчы. Сьвета Бень агучыла аўдыёліст ад Ізі Харыка (прэм’ера+лекцыя)

Лідэрка гурту «Серебряная свадьба» запісала касьмічную кампазыцыю на словы Ізі Харыка. Гэты твор — апошні з праекту TuzinFM «(Не)расстраляная паэзія».

Для Сьвятланы Бень тэма масавага зьнішчэньня ў савецкая часы ўяўляецца як прорва: «У мяне адначасова жыве ў душы два пачуцьці — жаданьне адысьці падалей ад краю і ня ведаць пра гэта і жаданьне нахіліцца ды паглядзець, каб убачыць дно. І тое, што я ведаю пра тыя падзеі, сьведчыць, што дна няма. Я пажадала ўзяць удзел у гэтым праеце, таму што прорва заўжды побач і ніхто не абаронены. Таму што забойства агромністай колькасьці людзей падаецца мне яшчэ больш неверагодным і бессэнсоўным пачварствам, калі мы пра гэта ня кажам і калі нам не баліць душа». Для праекту «(Не)расстраляная паэзія» Сьвятлана зрабіла песьняю верш Ізі Харыка «У шэрым змроку» ў перакладзе зь ідыш на беларускую Ганны Янкуты.

«Гэты верш прыляцеў, як прывітаньне здалёк, як ліст, які згубіўся на 90 гадоў і трапіў да іншага чалавека. Да іншага, але не зусім выпадковага. Нешта адразу спрацавала, нейкія нітачкі нацягнуліся і антэны злавілі ў этэры знаёмы голас, ледзьве чутны сярод шума сусьветнага акіяну, — распавядае пра стварэньне песьні Сьвета Бень. — Бязьмежна сумная гісторыя ўвайшла ў нашае жыцьцё праз праём дзьвярэй аднаго невялікага верша. І стала існаваць побач, напоўнілася новымі фактамі і падрабязнасьцямі». Сьпявачцы дапамагалі ў стварэньні гэтага твору Арцём Залескі (электроніка, бубны, зьвядзеньне), Пафнуці Кузюкін (валторна), Ільля Дзягель (гітара, бас). Майстарынг зрабіў саўндпрадусар праекту Павал Сініла. «Гэты верш — экзыстэнцыйны па зьмесьце, ён апынуўся сугучным з рамантыка Вэрлена і Апалінэра і тагасьветнай містычнай адчужанасьцю Joy Division і Swans», — зазначае Сьвета. Для яе гэты трэк уяўляецца аўдыёлістом ад мёртвага і пры гэтым зусім жывога чалавека, які не зьвязаны нічым, нават сваім целам. Ягоны жывы голас гучыць сярод аглушальнай бязмоўнай сусьветнай пустэчы.

Сьвета Бень вывучыла жыцьцё і творчасьць Ізі Харыка падчас працы над трэкам. Асабліва яе ўразілі ўспаміны жонкі паэта Дзіны Харык са спасылкай на Станіслава Шушкевіча-старэйшага, вось гэтае месца пра тое, як яму быў вынесены сьмяротны вырак.

«Суд цягнуўся дзесяць хвілінаў. Стаяць Харык ня мог. Два канваіры падпіралі яго. Прысуд стандартны: „да выключнай меры сацыяльнай абароны — расстрэлу“. Ізі Харык выслухаў яго з усьмешкаю. А потым раптам стаў размаўляць вельмі гучна і дакладна. Гэтая ж тройка асудзіла Станіслава Шушкевіча, які і пачуў ягоныя словы: „Мяне па корабе скрэблі, па сусеках скрэблі, я ад дзядулі сышоў, ад бабулі сышоў, я з Зэмбіна сышоў, ад Яжова сышоў, ад цябе, Вісарыён Ёсіфаў, пагатоў сыду. І раптам засьпяваў: „За сталом ніхто ў нас ня лішні, па заслугах кожны ўзнагароджаны. Залатымі літарамі мы пішам Усенародны сталінскі закон“. „Я другой такой страны не знаю…“».

        Яму заткнулі рот, сталі душыць, — казаў стары паэт Шушкевіч, а мяне нібы самога душыць. Не, я мяркую, што Ісаак Давідавіч Харык не звар’яцеў. Так ён сьмяяўся з Ваеннай калегіі Вярхоўнага суду СССР».

Падрабязьней пра жыцьцё і сьмерць Ізі Харыка распавёў дасьледчык Вольф Рубінчык у лекцыі праекту «(Не)расстраляная паэзія» ў кнігарні «Логвінаў». Дарэчы, там адбылася жывая прэм’ера песьні Сьветы Бень, якая істотна адрозьніваецца ад студыйнага запісу. У яе ўключаны таксама іншы верш Ізі Харыка — «Век настане такі» ў перакладзе зь ідыш Рыгора Бярозкіна.

Адносна будучыні кампазыцыі на словы Ізі Харыка, Сьвятлана Бень адказвае: «Гэтая песьня будзе жыць».

Сьвета Бень — У шэрым змроку (музыка Сьветы Бень, словы Ізі Харыка, пераклад зь ідыш Ганны Янкуты).

TuzinFM, фота Валянціна Вяркеева

У шэрым змроку дзень растаў,

у шэрым змроку гаснуць вочы.

Маё юнацтва — звон актаў,

маё юнацтва чэзьне ў ночы,

бы колас, што зь зямлі паўстаў,

каб у зямлі заснуць аднойчы.

Мой курс пракладзены здаўна,

я з карабля сачу прасторы:

няма ні берагу, ні дна,

і я вітаньні шлю праз моры

ў далеч, дзе смугі сьцяна,

на сум, па чалавеку хворы.

(1926)

КАМЕНТАРЫ: