Будучыня
3351 / 0
24.10.2017

Вайцюшкевіч з Галубком знайшлі будучыню (прэм’ера+лекцыя!)

Зьміцер Вайцюшкевіч прэзэнтуе ў межах праекту «(Не)расстраляная паэзія» парталу TuzinFM нечаканы трэк, напісаны на словы Ўладзіслава Галубка, заснавальніка беларускага сучаснага тэатру і першага Народнага артыста краіны.

Уладзіслаў Галубок увайшоў у гісторыю як паэт, празаік, драматург, рэжысэр, актор, мастак. Ён пачаў друкавацца ў «Нашай Ніве» ў 1908 годзе, стварыў каля 40 п’есаў, на пачатку 1920-х стварыў беларускі вандроўны тэатар, які празь некалькі гадоў атрымае статус дзяржаўнага. Менавіта Галубок першым у гісторыі краіны атрымае званьне Народнага артыста Беларусі (1928), праўда практычна пасьля гэтага пачнецца ягоны перасьлед. Галубка расстраляюць у 1937-м, трохі раней чым большасьць ягоных калегаў, 28 верасьня (па іншых зьвестках ён памёр у турме). Разам з тым арыштаваныя і рэпрэсаваныя ўсе, хто граў у ягоным тэатры (БДТ-3). Падрабязьней пра жыцьцё і творчасьць Уладзіслава Галубка распавёў Васіль Дранько-Майсюк на лекцыі ў кнігарні «Логвінаў» 3 лістапада.

Менавіта на верш Уладзіслава Галубка стварыў сваю песьню ў межах праекту «(Не)расстраляная паэзія» Зьміцер Вайцюшкевіч: «Я ведаў, што ён стваральнік беларускага тэатру, але акром гэтага факту хіба што нічога. Сярод тых вершаў, якія дайшлі да нас, я шукаў нешта пазытыўнае. І на шчасьце знайшоў! Будучыню!»

ПАДТРЫМАЦЬ ПРАЕКТ НА TALAKA.BY

Верш Галубка «Будучыня» датаваны 1912 годам. Вайцюшкевіч называе гэты твор аповедам пра нашыя беларускія мары. «Тут усё супала — і заклік Галубка адбудаваць свой сапраўдны дом, і маё зацікаўленьне кампутарнымі тэхналёгіямі ды сымфанічнай музыкай, пагатоў я маю клясычную адукацыю», — кажа Зьміцер. У запісе песьні на студыі Everest паўдзельнічалі таксама Алесь-Францішак Мышкевіч (бас) і Павал Мамонаў (бубны).

Ужывую Вайцюшкевічу хочацца яе выконваць зь відэашэрагам, інсталяцыямі і пэрформансамі. І каб заля падпявала: «Будуем новы дом!»

НАБЫЦЬ КВІТОК НА КАНЦЭРТНУЮ ПРЭЗЭНТАЦЫЮ ПРАЕКТУ «(НЕ)РАССТРАЛЯНАЯ ПАЭЗІЯ»

Зьміцер Вайцюшкевіч — Будучыня (музыка Зьмітра Вайцюшкевіча, словы Ўладзіслава Галубка).

TuzinFM

Кіпіць работа, плыве пот,

І крык і гул, як гром;

Туды, сюды снуе народ.

Будуюць новы дом.

                Лапаты рэжуць глыб зямлі,

                Зьвініць сталёвы лом;

                На месцы даўняй старыны

                Будуюць новы дом.

Штодзень угору сьцены йдуць,

Ушыр і ўдоўж кругом;

Баліць мазоль, і рвецца грудзь,

А ўсё ж будуюць дом!

                Настане дзень, надойдзе час,

                    Мы крэпку столь зьвядзём,

                І лепшай прышласьцю для нас

                Быць мусіць новы дом!

Працуйма, брацьця! Хай хутчэй

Наш льецца пот цурком:

Прыжджэм і мы сьвятлейшых дней,

Як скончым строіць дом!..

(1912)