22186 / 0
08.10.2017

У гонар слуцкіх ваяроў. Самы скандальны кліп «Дзецюкоў»

У першым туры відэачарту ў сэзоне 2017/2018 гурт Dzieciuki бярэ ўдзел з кліпам рэжысэра Антося Цялежнікава на песьню «Хлопцы-балахоўцы».

Кліп на песьню «Хлопцы-балахоўцы» з дэбютніку «Гарадзенскі гармідар» прысьвечаны гісторыі ўдзелу беларусаў за незалежнасьць сваёй краіны, а менавіта Слуцкаму паўстаньню 1920 году, у якім узялі ўдзел і прадстаўнікі арміі генэрала Станіслава Булак-Балаховіча (падрабязьней пра гістарычны фон кліпу можна пачытаць тут). Гэты кліп — чацьверты ў відэаграфіі панк-рокавай фармацыі з Горадні, да гэтага былі прадстаўленыя кліпы «Сумнае рэгі», «Лясныя браты» і «Ладзьдзя роспачы». І пэўна, што ён самы скандальны. Менавіта падчас здымак відэа да «Хлопцаў-балахоўцаў» гурт быў затрыманы ў поўным складзе. Прэс-служба УУС Менскай вобласьці потым патлумачаць, што міліцыю на музыкаў выклікалі самі жыхары Заслаўя, дзе адбываліся здымкі. Перапужаліся выгляду «Дзецюкоў» — са сьцягамі і са зброяй. Па выніку праверкі рэжысэру Антосю Цялежнікаву вярнулі канфіскаваныя матэрыялы. І хоць самі музыкі казалі, што ня хочуць піяру ў сувязі з гэтым здарэньнем, гісторыя з затрыманьнем без сумневу пайшла толькі на карысьць. Ад моманту прэм’еры яго паглядзелі ўжо больш за 143 тысячы разоў.

«Гэты твор напісаны ў гонар тых ваяроў, якія ў 20-я гады мінулага стагодзьдзя імкнуліся бараніць незалежнасьць маладой дзяржавы БНР. Яна напісана ў памяць пра чалавека, пад кіраўніцтвам якога жаўнеры ў разы саступаючы колькасна, далі бой чырвонай арміі, якая несла „сьветлае будучае“», — так прадставіў песьню тэкставік гурту Дзяніс Жыгавец (на загалоўным фота).

Dzieciuki — Хлопцы-балахоўцы (рэжысэр — Антось Цялежнікаў)

TuzinFM