13412 / 0
27.09.2017

Лета, якое не забыць. Магічны кліп ад Naviband

Гурт Арцёма Лук’яненкі і Ксюшы Жук прэзэнтаваў новы кліп, які для іх зьняў выпускнік Нью-Ёрскай кінаакадэміі. Відэа прысьвечанае старажытным беларускім мітам і легендам.

Захаваць у памяці самыя яскравыя моманты гэтага лета, а таксама прыгожа распавесьці пра Беларусь усяму сьвету. Такія задачы ставілі перад сабою Naviband у кліпе на песьню «Бяжы». Рэжысэрам кліпу стаў Кірыла Нонг, беларус зь віетнамскімі каранямі, аўтар трох фільмаў і выпускнік Нью-Ёрскай кінаакадэміі. «Я даўно адчуваў жаданьне перадаць беларускі нацыянальны калярыт, прыроду нашай краіны, яе традыцыі і фарбы. Хацелася зьняць нешта ў меру простае, абстрактнае, але з канкрэтнай думкай. Таму цэнтральная тэма роліку — Купальле, празь якое мы хочам паказаць як штодзённыя рэчы набываюць незвычайнае магічнае адценьне», — распавядае рэжысэр. Ён зь вялікай адказнасьцю падыйшоў да выбару месца здымак. Матэрыял для роліку здымалі на Палесьсі, непадалёк ад Нарачанскага парку і ў раёне Налібоцкай пушчы.

Арцём і Ксюша называюць «Бяжы» адной з самых важных сваіх песень, таму вырашылі зьвярнуць на яе асаблівую ўвагу і ўзмацніць прыгожым кліпам. Музыкі кажуць, што здымкі праходзілі настолькі цікава, весела і нязмушана, што як усё скончылася, не хацелася вяртацца так хутка.

TuzinFM