Толькі джаз
1033 / 0
11.09.2017

K3tyvana. Музыка закаханых (прэм’ера!)

Праект K3tyvana прэзэнтуе на TuzinFM песьню «Толькі джаз», запісаную ў межах студыйнай сэсіі для фіналістаў конкурсу «Засьпявай 4x4».

Кетэван Асраташвілі ўдзельнічае ў конкурсе «Засьпявай» ужо трэці раз. Сёлета яна заявіла песьню на верш паэткі Дар’і Бялькевіч «Ня музыка». «Мы вырашылі зрабіць твор у модным цяпер кірунку, бо хочацца каб беларуская мова гучала крута і смачна, а галоўнае, каб яна была нормай, а ня рэдкасьцю», — кажа 23-гадовая сьпявачка, якая прыехала ў Беларусь з Грузіі, скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў па спэцыяльнасьці «актор драматычнага тэатру і кіно». Акром Кетэван Асраташвілі ў праект уваходзяць 23-гадовы клявішнік Васіль Мельнічак, які задзейнічаны таксама ў ансамблі «Верасы», ды 27-гадовы дыджэй Аляксандар Плют.

Васіль Мельнічак, Кетэван Асраташвілі, Аляксандар Плют

Цягам фінальнай сэсіі конкурсная песьня Кэціваны набыла канчатковыя абрысы ў параўнаньні з дэма. «Удзельнічаць у конкурсе было хвалююча і радасна адначасова. Прыйшліся даспадобы і былі карыснымі майстар-класы, асабліва заняткі па вакале, лекцыі пра імідж, маркетынгавыя тэхналёгіі ў музыцы і піяр. Вельмі прадуктыўнай была праца ў студыі. Запісваючы песьню, мы дапрацавалі аранжыроўку: дадалі больш інструмэнтаў, разьвілі клявішную партыю і пашырылі вакальныя імправізацыі. Мяркуем, што атрымалася добра, мы ажыцьцявілі ўсё, што задумвалі для гэтага трэка». Дапамог у працы над трэкам мэнтар Кетэван на «Засьпявай 4xЗьміцер Літвіновіч з гурту Cherryvata.

«Гэтая песьня распавядае пра сытуацыю ў стасунках, калі лёгкае і несур’ёзнае стаўленьне аднаго чалавека да іншага прыносіць боль і пакуты. Для кагосьці каханьне — гульня, а для кагосьці — цэлы сусьвет», — тлумачыць сьпявачка. Студыйная вэрсія трэку, дарэчы, перайменаваная. Цяпер кампазыцыя завецца «Толькі джаз».

Паэтка Дар’я Бялькевіч, фота «Арт-сядзібы»

Падчас працы над песьняй музыкі натхніліся ажно на чатыры новыя песьні! Кетэван заўважае, што дзякуючы конкурсу іх каманда папоўнілася і стала яшчэ больш зьяднанай ды згуртаванай. У плянах — запіс новага матэрыялу і яго актыўнае прасоўваньне ў сеціве, піяр гурту і арганізацыя канцэртаў. Дарэчы, музыкі з праекту K3tyvana ссябраваліся з паэткаю Дашай Бялькевіч і мяркуюць працягнуць супрацу.

K3tyvana — Толькі джаз (музыка K3tyvana, словы Дар’і Бялькевіч).

TuzinFM

Я глядзела на сьвет,

А трэба было глядзець пад ногі,

Каб не спатыкнуцца і не расьцягнуць зьвязкі.

Спачатку прывязкі,

пасьля перавязкі,

Тынкоўкі-замазкі, адмазкі,

Бязглуздыя казкі…

Зноў маўчыць тэлефон.

Цела-фон.

Для гульні ў сЭксафон.

Гэта проста джаз…

Jazz for pleasure

Jazz for fun

А пасьля — у цэ-ла-фан,

Выкінуць,

І абавязкова сказаць што-небудзь суцяшальнае,

І пажадаць посьпехаў.

Дзякую.

І Вам — усяго добрага…

А злое — я пакіну сабе і пастаўлю як сувэнір на палічку.

Спадзяюся, на іншым інструмэнце Вы будзеце меней фальшывіць.