Па неадступнасьці
447 / 0
25.08.2017

Творчы старт гурту Helious (прэм’ера!)

Фіналісты «Засьпявай 4x4» дуэт Марыі Гаўрыленкі і Алiны Казачэнкі, якія цяпер называюцца гурт Helious, прэзэнтуюць сваю выпускную працу — песьню «Па неадступнасьці», запісаную ў межах конкурсу.

Песьня, якая ў дэма-вэрсіі звалася «Мы завісьлі», атрымала назву ад верша Ніны Лістоты «Па неадступнасьці». «У ёй распавядаецца пра крызіс паміж дзяўчынай і хлопцам, ці ўвогуле пра канец гэтых адносінаў. Яны завісьлі кожны ў сваім сусьвеце і ніяк ім адтуль ня выбрацца. І напэўна кожны зь іх чакае адно ад аднаго кроку, які ўратуе», — кажа Марыя.

Дзяўчатам па 22 гады, яны вучацца ў Акадэміі мастацтваў. Разам выступаюць з 2016 году, калі заявіліся на конкурс фэсту «Бардаўская восень». Прадстаўляліся як дуэт Марыя&Аліна, але падчас навучальнай сэсіі «Засьпявай 4x4» узялі назву Helious.

«Чаму вырашылі паўдзельнічаць у конкурсе? Па-першае, гэта цудоўная магчымасьць для маладых праявіць сябе. Увогуле такiя мерапрыемствы заўжды запальваюць i натхняюць, гэта вельмi моцны штуршок для руху наперад. Па-другое, паколькi намiнацыя конкурсу завецца „Сьпяваная паэзiя“, то гэта добры спосаб данесьці да як мага большай колькасьці людзей цудоўную паэзію Нiны Лiстоты», — кажа Аліна.

Паэтка Ніна Лістота

Марыя і Аліна пад вялікім уражаньнем ад навучальнай сэсіі конкурсу «Засьпявай 4x4», якую зладзіў партал TuzinFM і фонд «Вяртаньне». «Усё лета мы працавалі, з намі працавалі, над намі працавалі, — сьмяецца Марыя. — Канцэпцыя нашай конкурснай песьні зьмянілася цалкам, літаральна перакулілася з галавы да ног. Калі спачатку ў нас была лірычная акустыка, то цяпер у новым варыянце песьня загучала па-новаму і яна разьлічана ўжо на большую аўдыторыю слухачоў».

«Для нас гэта творчы старт. Мы перагледзелі свае погляды на нашае гучаньне, на падачу. Адукацыйная сэсія дала шмат новай інфармацыі, знаёмстваў і эмоцыяў. З намі працавалі сапраўдныя прафэсіяналы! Цяпер наша мэта — выдаць дэбютны альбом», — кажа Аліна.

Ужо 26 жніўня Helious выступіць на справаздачным канцэрце «Засьпявай 4x4» ва ўнутраным дворыку на плошчы Свабоды, 4. Іх падтрымаюць пераможцы мінулага конкурсу — Дзьмітры Нікановіч і Мікіта Найдзёнаў. Пачатак канцэрту ў 19:00. Уваход вольны!

Сачыць за посьпехамі гурту Helious можна празь іх афіцыйную суполку.

Helious — Па неадступнасьці (музыка Марыі Гаўрыленкі, словы Ніны Лістоты)

TuzinFM

Мы завісьлі
Дзесьці паміж

Пэронамі і вакзаламі
Гарадамі дарогамі мапамі
Між дрэў старых

І лавак пустых

Самі сабе абяцалі
Пачуць нешта важнае звыш
Трубкамі тэлефоннымі
Паштоўкамі незапоўненымі
Сярод сваіх і чужых
Чаму Ты Нябесны маўчыш

Як рыбы
Бязвольнымі сталі
Пустымі і недарэчнымі
Нехта сказаў бессардэчнымі
Селі ў апошні экспрэс
Анёл пасадзіў ці то бес

Завісьлі ў кабінэтах
У правадыроў партрэтах
Ціха іх ненавідзелі
Але нічым не пакрыўдзілі
Халодны нямы адчай
Аддай яму душу аддай

Мэдалі і пастамэнты 
Пустыя апартамэнты
Квіток на Аляску
Зрабіце ласку
Пакуль Ты не напрарочыш 
Больш не пакрочу.