16851 / 0
13.06.2017

Вайна, пра якую забылі і вайна, якая побач (прэм’ера)

На TuzinFM прэм’ера новага кліпу Зьмітра Вайцюшкевіча «Калі заўтра роўна ў шэсьць», які зрабіў аніматар Сяргей Кастрыцкі.

Песьня «Калі заўтра роўна ў шэсьць» увайшла ў альбом Зьмітра Вайцюшкевіча «Камэта», напісанага на музыку і словы Яраміра Ногавіцы, у беларускім перакладзе Віталя Воранава. Менавіта яе абраў для ўвасабленьня рэжысэр-аніматар Сяргей Кастрыцкі, вядомы з кліпу таму ж Вайцюшкевічу «На Каляды» і «Дым» гурту Pomidor/off.

«Кліп гэты — мультыплікат у чыстым выглядзе. Ягоная ідэя — паказаць тую частку гісторыі, пра якую мала кажуць. Пра гісторыю Першай сусьветнай і пра беларусаў, якія ваявалі за імпэрыю, такі быў час. Памяці нашых землякоў і прысьвячаецца гэтая праца», — сказаў рэжысэр з нагоды прэзэнтацыі на TuzinFM.

Зьміцер Вайцюшкевіч у гэтай сувязі праводзіць паралелі з сучаснасьцю: «Мы абсалютна неабароненыя перад вайною ў наш час. Вайна зноў прыйшла, яна зусім побач, ва Ўкраіне. І яна пагражае небясьпекаю ў тым ліку і беларусам». Выканаўца і рэжысэр не сышліся ў некаторых момантах роліку, але Зьміцер усё ж «прыняў працу». «Мне падабаецца тое, што робіць Кастрыцкі, ён таленавіты і бачыць сьвет па-свойму», — зазначае сьпявак.

Музыка і рэжысэр зьбіраюцца працягнуць супрацу. Наступны кліп на песьню Зьмітра Вайцюшкевічам задумваецца, як шпіёнскі.

Зьміцер Вайцюшкевіч — Калі заўтра роўна ў шэсьць (рэжысэр — Сяргей Кастрыцкі).

TuzinFM