Блізка
5654 / 0
18.01.2017

«J:морс». Песьня, што яднае (аўдыё)

У сёмым туры аўдыёчарту на Tuzin.fm гурт Уладзімера Пугача прэзэнтуе свой новы беларускамоўны гіт «Блізка».

«Блізка» — сынгл з новага альбому гурту «J:морс», выхад якога плянуецца на восень 2017 году. Адразу ж па выхадзе песьня стала сапраўдным гітом, дзякуючы кліпу на яе і акцыі спартовых фанатаў з розных клюбаў, якія аб’ядналіся, каб выканаць твор разам. «Нас занадта шмат падзяляе ў сучасным сьвеце, але ёсьць рэчы, якія нас аб’ядноўваюць. Песьня якраз пра гэта», — кажа лідэр гурту Ўладзімер Пугач і разважае далей. «Мы жывем у эру імкліва адыходзячых ідэалаў, аднадзённых міталягем і лічбавай ахлякратыі. Пакажыце мне чалавека, які часам не стамляецца ад гэтага? Каму ня хочацца спыніцца, аддыхацца і падумаць пра тое, што для яго істотна на самой справе… Цяпер мне наогул цікава пісаць менавіта пра тое, што дае надзею і веру ў новы дзень. Таму мяркую, што і альбом будзе больш аптымістычным».

«J:морс» не збаўляе абаротаў пасьля звышнасычанага 2016 году, калі гурт прэзэнтаваў альбом «Воздух», зьезьдзіў у тур па Беларусі, прэзэнтаваў з аншлягам праграму «Беларускае золата» з прэзыдэнцкім аркестрам… Музыкі ўжо працуюць над новымі песьнямі. Некаторыя зь іх уключна з «Блізка» можна будзе пачуць ужывую на традыцыйным рамантычным канцэрце 14 лютага, які пройдзе ў менскім Prime Hall.

J:морс — Блізка (музыка і словы Ўладзімера Пугача). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm, фота з афіцыйнай суполкі гурту

Лёгкi, як прамень, хай надыходзiць дзень

Зь ветрам паўднёвым. Просты, як матчыны словы

Над калыскай. Шлях дадому зноў уздоўж зiмовых стрэх

Iдзем па сваiх знаёмых дварах ды вулiцах сьлiзкiх

I тое, што нам блiзка

Кранае мае струны

Аб гэтым мае руны

Мае каранi

Ў тваiм i маiм сэрцы

Пра гэта ўсе песьнi

Далоняў тваiх рыскi

Усё тое, што нам блiзка

Усё наперадзе, гэта быў добры дзень

I месяц сасьпелы. Цiхi, як матчыны сьпевы

Неба над Менскам нiзка, запалiла лiхтары

Зiрнi дагары паўсюль над табой яскравыя прыскi

I тое, што нам блiзка

Кранае мае струны

Аб гэтым мае руны

Мае каранi

Ў тваiм i маiм сэрцы

Пра гэта ўсе песьнi

Далоняў тваiх рыскi

Усё тое, што нам блiзка