Дождж
2577 / 0
05.10.2016

«MorkvoЦвет». Час выходзіць з андэграўнду! (аўдыё)

Гурт Яўгена Белановіча і Паўла Рыжкова «MorkvoЦвет» прэзэнтуе ў аўдыёчарце на Tuzin.fm свой першы за тры гады існаваньня студыйны трэк «Дождж».

З прэм’ерай гэтай песьні хлопцы абвесьцілі: «Самы час выходзіць з андэграунду». Яўген Белановіч і Павал Рыжкоў выступаюць разам пад назваю «MorkvoЦвет» ужо тры гады, але толькі цяпер сасьпелі да таго, каб запісаць у студыі адну з самых яскравых сваіх песень — «Дождж». «Мы імкнуліся спалучыць у гэтым творы драматычнасьць і палёт, лірычны дождж песьні з навальніцай вэрлібрападобнага тэксту. Ну і даць магчымасьць паразважаць», — кажа Яўген Белановіч з нагоды прэзэнтацыі. Яны вызначаюць свой стыль як рок-музыку, падкрэсьлена інтэлектуальную.

«Гэта песьня пра каханьне, пра што ж яшчэ яна можа быць. Але пра такую праяву каханьня, якое здараецца раптам, хоць і існуе ўжо доўгі час. Прапануем услухацца ў нашы словы, бо кожны ў іх можа адчуць менавіта сваё», — дадае Павал Рыжкоў.

Гэты дуэт ужо адзначыла журы адбору на фэстываль «Бардаўская восень». «MorkvoЦвет» выступіць у межах конкурсу ў Бельску Падляскім пры канцы кастрычніка. Сачыць за навінамі гэтай арыгінальнай каманды можна праз афіцыйныя суполкі УК/FB.

Паслухаць песьню на Soundcloud

MorkvoЦвет — Дождж (музыка Паўла Рыжкова і Яўгена Белановіча, словы Паўла Рыжкова). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

Я нібы трапіў у найлепшы на сьвеце музэй,

На беразе

стоячы. Верасень.

Я ўвесь супрацьлеглы навакольнай шэрасьці.

Які шэдэўр, дасканалая праца!

Такая жывая,

Што прысутнасьць першаўзору ясна я адчуваю.

Я ў захапленьні, я зачараваны!

 

Дождж мне намаляваў цябе

хвалямі, нібыта фарбамі на палатне

чорнай вады ракі.

Мы раней ніколі з табою не сустракаліся,

але я нібы пазнаў цябе й усьміхаюся.

 

Сэрцабіцьцё. Мне так радасна

дотык да скуры і голас твой чуць выразна.

Чароўная казка

хай не сканчаецца!

Хай пад павекамі мары зьдзяйсьняюцца!

З майго высокага берагу нібыта

з даху сьвету, дзе спуск у неба,

я ныраю ў бездань яго, я цалую яго срэбра.

 

А калі дождж скончыцца,

Твой водар адчую ў паветры празрыстым.

І на халодным сонцы

Ярка зазьзяеш ты мокрым лісьцем.

І карона твая ў небе ясным

Вянчаючы ўвесь сьвет вясёлкай зайграе.

Не існуеш ты, але ж так выразна

Цябе адчуваю