Мора
2900 / 0
26.09.2016

Uzari. Маё першае слова «Мора» (прэм’ера!)

Сьпявак Uzari прэзэнтуе ў межах аўдыёчарту на Tuzin.fm сваю першую аўтарскую песьню на беларускай мове.

«Мова, мара мора ў кожным з нас», — пад такім слоганам Юзары прадставіў свой самотнік. Песьня «Мора» мае пакласьці пачатак новага этапу ў творчасьці сьпевака. «Я чакаў гэтага этапа з 2011 году і вось ён прысьпеў. Цяпер Юзары — гэта гурт. У мяне ёсьць каманда прафэсіяналаў, ёсьць кірунак, мэта і адчуваньне сучаснай гісторыі. І мы маем шмат падарункаў для нашых слухачоў, якія створаныя зь вялікімі пачуцьцямі і агнём. Першы зь іх — уласна гэтая песьня, якая зьяўляецца пачаткам сучаснага. Гэты твор паказвае глыбіню нашых думак і адчуваньняў, якія накіраваныя ў будучыню», — сказаў выканаўца з нагоды прэм’еры на Tuzin.fm.

Цяпер Юзары выступае выключна ўжывую. Да яго далучыўся бас-гітарыст і аранжыроўшчык Аляксандар Верны, вядомы з гурта «Фляўс і Кляйнн», гітарыст Дзьмітры Маркаран і бубнач Алесь Собаль. Разам яны рыхтуюць цалкам беларускамоўную праграму. Сачыць за навінамі гурта Uzari можна праз афіцыйную суполку.

Самотнік «Мора» можна набыць на iTunes. Паслухаць песьню можна на SoundcloudУ аўдыёчарце на Tuzin.fm яна возьме ўдзел з 2-га туру сэзону 2016/2017.

Uzari — Мора (музыка — Юры Наўроцкі, словы — Мікіта Найдзёнаў). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

Гляджу, але ня бачу берагоў,

Тану, але не адчуваю глыбіні

Спытаеш, для чаго

Сябе я перамог,

Калі я гэта прысьніў?

 

За гэтым часам будзе новы час

За даляглядам бачу новы далягляд

Чытаю па вачах:

Усё вакол для нас,

А ўсе сумненьні — пасьля.

 

Я тану ў тых хвалях.

Ты мяне абдымала.

За сабой так запрашала

Сьветлым агнём зьзяла

 

Па дробных кроплях я зьбіраў жыцьцё,

А ты прыйшла: прынесла колер і настрой

Якое адкрыцьцё

Мне гэта пачуцьцё,

І гэта толькі з табой