Астэроід
1955 / 2
19.09.2016

Станіслаў Чахоўскі: «Кантакт музыкі і паэзіі адбыўся» (аўдыё)

У аўдыёчарце на Tuzin.fm бярэ ўдзел песьня «Астэроід», які вакаліст і кампазытар Станіслаў Чахоўскі запісаў на верш Ігара Канановіча. Паэт незадоўга да сьмерці пачуў гэты твор.

Станіслаў Чахоўскі — студэнт унівэрсытэту культуры, сьпявае, грае на фартэпіяна, піша музыку, выступае ў складзе гурта Sun Beat. «Граем у асноўным кавэры, бо інакш не праіснаваць. Але паступова ўводзім аўтарскія кампазыцыі ў свой рэпэртуар, бо, вядома ж, сваю творчасьць куды больш прыемна паказваць», — кажа Станіслаў. Sun Beat мае дзьве песьні, напісаныя на словы Ігара Канановіча, абедзьве яны заяўлялі на конкурс «Засьпявай 3.0» і «Астэроід» трапіў у фінал. Яе пачуў незадоўга да конкурснага выступу Чахоўскага сам паэт і па-добраму зьдзівіўся. «Вось гэта паварот! Ня думаў, што мой верш можа стаць асновай для джазавай кампазыцыі», — зазначыў тады Ігар. Ён зьбіраўся наведаць канцэрт, але празь некалькі дзён раптоўна пайшоў у іншы сьвет. Музыкі прысьвяцілі свой выступ памяці Ігара Канановіча.

«Я ня ведаў Ігара асабіста, але мяне дужа натхніла яго паэзія — той самы дэбютны зборнік пад назваю „Астэроід“. Як ён перадае ідэю свабоды праз тэму космасу, мне гэта блізка па сьветаўспрыманьні. Лічу, што кантакт паэзіі і музыкі ў нашым выпадку адбыўся. І вельмі шкада, што ён заўчасна пайшоў з жыцьця», — кажа Станіслаў.

У працы над гэтай кампазыцыяй яму таксама дапамог гітарыст Дзяніс Шуйскі. Сачыць жа за навінамі гурта Станіслава Чахоўскага Sun Beat можна праз афіцыйную суполку.

Паслухаць на Soundcloud

Станіслаў Чахоўскі — Астэроід (музыка Станіслава Чахоўскага, словы Ігара Канановіча). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm, фота Алісы Ахрамовіч

Хай вабяць зноў магутных зорак галасы —

Не даспадобы мне сыстэм трывалых межы.

Я — астэроід. Я — Сусьвету блудны сын.

Я ў вечным пошуку. Жыву, а не залежу.

Непадуладная фантазіі краса

Перада мной. Майго жыцьця сьвятая мэта.

Я — астэроід. Валацуга і карсар.

І, можа, толькі геніяльная камэта 

Мяне прымусіла б нядоўга паслужыць.

Але парушыцца чарговая прысяга…

Я — астэроід. Я інакш ня ўмею жыць.

І гімнам вольнаму — нянавісьць і павага…

Я — астэроід. Незалежны, моцны рух.

Я — скамянелая энэргія палёту.

КАМЕНТАРЫ: