Сёньня ня мой дзень
4756 / 3
26.11.2013

S°unduk: «Сёньня ня мой дзень» (аўдыё-прэм’ера!)

Гурт S°unduk прадстаўляе на Tuzin.fm дуэтную песьню «Сёньня ня мой дзень», якую выконваюць Ганна Хітрык і Ягор Дзыгун. Кампазыцыя возьме ўдзел у трэцім туры аўдыё-чарту.

«Я сама вершаў не пішу — адразу песьні, таму раней і цікавілася ў асноўным прозай», — прызнаецца сьпявачка Ганна Хітрык. Усё вырашыла знаёмства з Андрэем Хадановічам, зь якім Ганна пазнаёмілася падчас працы над праектам дзіцячых казак. Яна пачула паэзію Хадановіча ды зачаравалася. Адзін зь яго вершаў яна тады паклала на музыку ды працягнула адкрываць для сябе сьвет беларускай паэзіі.

«Вырашыла пашукаць у сеціве сучасныя беларускамоўныя вершы ды натрапіла на праект Чорна-белыя вершы на budzma.org. Сярод іншых вершаў там быў і Сёньня ня мой дзень“. Я пачынала чытаць яго як верш, а калі скончыла, то нечакана для сябе зразумела, што я яго ўжо напяваю. Ня ведаю, чым мяне зачапіў менавіта гэты твор, але я адразу зразумела, што будзе песьня і што гэта будзе дуэт». 

Песьню на словы паэта Ўсевалада Сьцебуракі Ганна выканала дуэтам з гітарыстам гурта S°unduk Ягорам Дзыгуном. Яна ўвайшла ў трэці альбом гурта, які будзе прэзэнтаваны 30 лістапада на канцэрце ў клюбе Re:Public. Беларускамоўны трэк на дыску толькі адзін, але са словаў Ганны, наступны дыск плянуецца цалкам запісаць на беларускай мове. 

SB, Tuzin.fm

S°unduk — Сёньня ня мой дзень (музыка Ганны Хітрык, словы Ўсевалада Сьцебуракі). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    26.11.2013 / 15:52

    Відэа з запісу гэтай песенькі можна зірнуць вось па гэтай спасылачцы
    https://www.youtube.com/watch?v=xobBoNya1YE

  • pan / адказаць
    27.11.2013 / 15:08

    Падабаецца! Толькі не вясёла як бэ)
    а калі сур'езна, то песьня добрая. У аўтара, дарэчы ёсьць яшчэ тэксты якія могуць быць пакладзеныя на музыку. Там "Ранішні блюз" проста просіцца.

  • bulbanik / адказаць
    27.11.2013 / 22:16

    прыемна здзівіла кампазіцыя сваёй мілагучнасцю. вакал у гэтай песні ў Ганны Хітрык цудоўны. безумоўна, залік за песню

  • КАМЕНТАВАЦЬ