Лося
4473 / 2
11.05.2016

Shuma прадставіла свой самы магічны трэк (аўдыё)

Трэк «Лося» гурта Shuma бярэ ўдзел у аўдыёчарце на Tuzin.fm. Руся і Надзея называюць гэты нумар самым магічным і мяккім з новага альбому «Сонца» і наогул адным з улюбёных сваіх сьпеваў.

Руся зь любоўю расказвае пра кожную з кампазыцыяў, за якую бярэцца Shuma. У іх новы альбом «Сонца», які ўжо адкрыты для замовы на iTunes, тузін новых трэкаў і кожны зь іх заслугоўвае асаблівай увагі. Але паказаць найперш у выглядзе самотніка гурт вырашыў менавіта «Лосю». «Гэта наш самы мяккі і магічны трэк з альбому, гучыць, як глыбокі сон. Калі мы рэпэтуем з Надзяй, то чакаем менавіта „Лосю“, бо сьпяваць яго — асалода. Зусім ніякай вакальнай напругі, сьпеў сам ідзе зь цела. У кожнага выканаўцы традыцыйнага сьпеву ёсьць некалькі „сваіх“ твораў, якія асаблівым чынам адгукаюцца ў чалавеку, зрастаюцца зь ім, нібыта ты ведаў іх усё жыцьцё. Для мяне „Лося“ менавіта такі сьпеў. У нас зь ім свае інтымныя стасункі», — распавядае Руся з нагоды прэм’еры на Tuzin.fm.

«Лосю» выконвалі да «Шумы» шэраг іншых калектываў, а запісаў гэты сьпеў Іван Кірчук у адной з экспэдыцыяў. Яна атрымала вядомасьць у выкананьні Веранікі Кругловай і Kriwi, сваю аранжыроўку зрабіў расейскі гурт «Иван Купала», увайшла яна і ў рэпэртуар гурту Re1ikt, а кліп на яе стаў найлепшым у сэзоне 2015—2016 на Tuzin.fm. У афіцыйнай суполцы «Тузіна» «ЎКантакце», дарэчы, можна паслухаць усе вэрсіі гэтай песьні і прагаласаваць за найлепшы. «Гэты сьпеў ня можа не прывабіць. Ён заўважна вылучаецца з шэрагу ўсіх астатніх народных. Тут і гісторыя, і мэлёдыя, і выкананьне — усё вельмі прыгожае. Нас ён глыбока крануў і ня толькі нас, як вядома. У Re1ikt, напрыклад, выйшла па-мужчынску, халодна, востра. А ў нас — пяшчотны жаноцкі варыянт. Мы імкнуліся перадаць паралелі ў тэксьце паміж тым, як жывёла адчувае набліжэньне холаду і як жанчына прадчувае новае, замужняе жыцьцё. Вось гэтую ідэю надыходзячага холаду і ўнутранага надлому мы намагаліся перадаць у музыцы. У трэку ёсьць яшчэ пара псыхалягічных момантаў — гэта адмысловыя інтэрвалы ў сьпевах, якія ствараюць настрой тугі, гук музычнай шкатулкі, які надломвае плынь рытму, псыхадэлічныя гукі ў фінале і сола клярнэта — палётнае, задумлівае і неверагодна прыгожае. Мы спадзяемся, што гэтыя тлумачэньні дапамогуць вам глыбей пагрузіцца ў песьню і перажыць той настрой, які ў ёй закладзены».

Рэліз альбому «Сонца» заплянаваны на 20 траўня, а 27 траўня пройдзе яго жывая прэзэнтацыя ў ангары «Хуліган».

Shuma — Лося (музыка Аляксея Карабейнікава, вакальная апрацоўка Русі, словы народныя). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

Чаго ты, лося, чаго ты, дзікі,

Да зямлі прылігаіш?

А ці ты, лося, ці ты, дзікі,

Сьцідзёну зіму чуіш?

Чую-ня чую, віджу-не віджу

Ня лецейка будзіць.

Ой ты, Манічка, ой ты малада

Ліхую сьвякроў чуіш?

КАМЕНТАРЫ:

  • Valery Całko
    Valery Całko / адказаць
    12.05.2016 / 23:35

    Прыгожая, але шкада, што такая кароткая. Ці гэта эдытаваны варыянт для самотніка, а на альбоме можна спадзявацца на поўную вэрсію?

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    12.05.2016 / 23:53

    Так, гэта скарочаная вэрсія. Цалкам усе трэкі можна будзе пачуць толькі на альбоме. Рэдкая практыка ў нашых краёх.

  • КАМЕНТАВАЦЬ