Давай сьмяяцца
3192 / 0
14.04.2016

S°unduk: «Давай сьмяяцца кожны дзень!» (аўдыё)

Гурт S°unduk прэзэнтуе ў аўдыёчарце на Tuzin.fm песьню «Давай сьмяяцца» на словы Касі Глухоўскай і музыку Ганны Хітрык з новага альбому «Сом».

Кампазыцыя «Давай сьмяяцца» напісаная на словы паэткі Касі Глухоўскай. Ганна Хітрык апавядае, што як толькі пабачыла гэты верш — адразу ў яго ўлюбілася. «Гэта вельмі актуальныя і патрэбныя словы! Проста ўсьміхнуцца кожнаму чалавеку…няўжо так складана? Хто б там што не казаў, а цудаў чакаюць усе. І ўсьмешка, шчырая ўсьмешка нараджае маленькі цуд-усьмешку ў адказ. Давайце будзем усьміхацца адзін аднаму штодня!» — заклікае сьпявачка. Менавіта гэтую песьню музыкі пажадалі прэзэнтаваць у межах чарту на Tuzin.fm.

Гэты твор увайшоў у альбом «Сом», які толькі што пабачыў сьвет. Меркавалася, што рэліз будзе беларускамоўным, але за час ягонай працы зьявіліся і расейскамоўныя песьні, так што вырашана было зрабіць двайнік. Адна частка — па-расейску, другая — па-беларуску. Раней на «Тузіне» была прэзэнтаваная яшчэ адна песьня, якая ўвайшла ў альбом — «Сёньня ня мой дзень» на словы Ўсевалада Сьцебуракі. Ганна кажа, што «Сом» складаюць гісторыі — яе асабістыя, блізкіх ёй людзей і проста падгледжаныя і дадуманыя гісторыі.

Прэзэнтацыя альбому прайшла ўжо ў Маскве, а 16 красавіка S°unduk выступіць у менскім Доме афіцэраў.

S°unduk — Давай сьмяяцца (музыка Ганны Хітрык, словы Касі Глухоўскай). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

Давай сьмяяцца кожны дзень

Сярод людзей, сярод людзей.

Калі на небе будзе цень –

Сьвятло на твар надзень.

 

Усьмешка будзе ў самы раз

Для ўсіх вачэй, для ўсіх для нас,

Які сарказм, які маразм –

Усьмешка між грымас.

 

Давай напоўнім дабрынёй –

І толькі ёй, і толькі ёй –

Сьмех залацісты мой і твой,

Каб чэрпаць даланёй.

 

Хай зацьвіце счарнелы пень

І пойдзе пешшу добры зьмей –

Давай сьмяяцца кожны дзень

 

Дзеля, дзеля людзей!