Сьвечкі
2138 / 0
17.03.2016

Песьня-споведзь ад Ilo&Friends (аўдыё)

Гурт зь Беластоку прэзэнтуе ў аўдыёчарце песьню «Сьвечкі», напісаную на словы Анатоля Сыса.

Менавіта гэтую кампазыцыю з свайго новага альбому «Кола» музыкі абралі для ўдзелу ў гіт-парадзе. «Сьвечкі» створаная на верш Анатоля Сыса, які ўвайшоў у зборнік «Пан Лес» (1989). «Кожны з нас мае грэх, віну ці нячыстыя думкі, а калі хто думае інакш дык няхай уважліва ўслухаецца ў словы гэтай песьні ды згадае пра ўсіх тых людзей, якія сустрэліся ў жыцьці», — кажа вакалістка Ilo&Friends Ілона Карпюк. Сьпявачка распавядае, што асабіста для яе працаваць над гэтым трэкам было досыць складана — яна доўга не магла засвоіць музычную канцэпцыю гэтага трэку. «Наш музычны твор складаецца зь дзьвюх частак. Першая — больш інтымная, рухаецца павольна, як той злачынца з тэксту. А другая заахвочвае спаткацца са сваім мінулым і канфрантавацца з сабой. Гэта мяне асабіста вельмі цешыць, бо апошнім часам зьвяртаю ўвагу на ўсе нават самыя маленькія крышынкі аптымізму, прыхаваныя ў найбольш складаных жыцьцёвых сытуацыях», — распавядае Ілона.

Ilo&Friends кажуць, што паверылі ў гэтую песьню, калі зайгралі яе ў Берасьці падчас «Mens Fest — 2013». Слухачы, якія бачылі гэты гурт упершыню, вельмі прыязна ўспрынялі «Сьвечкі» — танчылі ды сьпявалі і для музыкаў гэта быў сапраўдны ўздым.

Ilo&Friends — Сьвечкі (музыка гурта, словы Анатоля Сыса). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm, фота Wronaart.pl 

Злачынцы брыдуць на споведзь,

як коней, вядуць грахі,

між імі нямая повязь — 

ня вырваць аброць з рукі…

 

А з вуснаў ня вырваць слова. — 

Ну што ж вы, прыйшлі маўчаць?

Здыміце хоць шапкі з галоваў,

ня бачыце — сьвечкі гараць!

 

То вашых ахвяраў душы…

Замрыце! Бо нават рух

сьвятло іх навек патушыць,

і ў цемрыве зьнікне дух.

 

Маўчыце запозна кленчыць.

…Сьвяты — для сьвятых абраз…

Ідзіце! Ахвяры енчаць — 

балюча ім бачыць вас