Будзь сьмелым
4037 / 0
11.01.2016

Brutto запавет (аўдыё)

Гурт Brutto прадстаўляе ў 6-м туры аўдыёчарту на Tuzin.fm адну з самых магутных рэчаў з свайго альбому «Родны край» — «Будзь сьмелым» на верш Янкі Купалы.

Міхалок да творчасьці Янкі Купалы зьвярнуўся ў час вялікага пералому ў гурце «Ляпіс Трубяцкі». Тады толькі выйшаў «Капітал» і ўжо рыхтаваўся «Культпрасьвет» — новыя бадзёрыя рэвалюцыйныя гіты пакрысе выціскалі стары рэпэртуар, істотна абнавілася аўдыторыя гурта. Сяргей на жывых выступах акром вершаў свайго альтэр-эга Юзіка Кілевіча стаў чытаць яшчэ і клясычную паэзію, адпаведную настрою новага «Ляпіса». Паступова гэтая задума пераўтварылася ледзьве ня ў масавыя літаратурныя чытаньні — у палацах спорту, на стадыёнах і аэрадромах з вуснаў Міхалка гучала паэзія Маякоўскага і Рэмбо, Блока і Мандэльштама, Багдановіча і Купалы.

Пра тое чым яго захапіла паэзія Янкі Купалы (дарэвалюцыйнага пэрыяду, вядома ж), Міхалок раскажа, калі прэзэнтуе песьню «Ня быць скотам». «Мяне надзвычай уразіла, што ягоныя вершы, напісаныя сто гадоў таму на злобу дня, і сёньня гучаць надзвычай актуальна», — сказаў Сяргей і прызнаўся, што доўга падбіраўся да гэтага вершу, бо тут фактычна ў некалькіх радках закладзены эпас і гісторыя цэлага народу. У той жа час Міхалок чытаў са сцэны і верш «Будзь сьмелым», які Купала напісаў на пяць гадоў пазьней за «Хто ты гэткі», у 1913 годзе. Але ў межах «Ляпісаў» зрабіць яго песьняю так і не пасьпелі.

Міхалок вярнуўся да гэтага твору ў сваім праекце Brutto. Зь цягам часу верш Купалы набыў яшчэ большую актуальнасьць. Песьня «Будзь сьмелым» была выдадзена асобным сынглам, на яе зрабілі лірык-відэа, а сам трэк уключаны ў другі альбом гурта «Родны край». Brutto прапануе ўспрымаць гэтую кампазыцыю канкрэтна — як заклік і запавет, якога варта трымацца, калі ты хочаш дасягнуць сваёй мары.

Brutto — Будзь сьмелым (музыка Сяргея Міхалка, словы Янкі Купалы). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

Будзь сьмелым! Магутна ярмо друзгачы!
Ідзі сам наперад, другіх ведучы!
Будзь с
ьмелым! Ня вер у людзкую брахню,
Вер толькі ў адвагу і сілу сваю!

Будзь сьмелым!

Будзь сьмелым, хоць путалі б злыдні ўвакруг, —
Адважным ваякам н
я страшны ланцуг!
Будзь с
ьмелым, як вецер, як воля сама!
Знай, с
ьмелых ня чэпе ні крыўда, ні цьма!

Будзь сьмелым!

Будзь сьмелым, як бура, што крышыць дубы,
А будзе твой верх, тваё права ўсягды!