Новая навіна
1724 / 0
25.12.2015

Вера, Патрыцыя ды хор «Унія». Чысьціня каляднага сьпеву (прэм’ера!)

Мужчынскі хор «Унія» ў складзе 11 чалавек далучыўся да дзявочага дуэту «Вера&Патрыцыя», каб засьпяваць калядны кант «Новая навіна» для праекту «Новае пакаленьне на Новы год».

Твор «Новая навіна» зьяўляецца рэканструкцыяй з апублікаваных нот этнаграфічнага зборніку Зінаіды Мажэйкі «Песьні беларускага Палесься». Гэтая песьня хрысьціянскага пэрыяду распавядае апакрыфічны сюжэт пра Панну Марыю і нараджэньне Есуса. З жанру гэта калядны кант. «У маёй сям’і яе вельмі любяць і на Раство заўжды сьпяваюць на чатыры галасы, бо ўся сям’я музычная. Ужо некалькі гадоў гэтую песьню на калядных вечарынах выконваюць і дзяўчаты — Вера Саламонік і Патрыцыя Сьвіціна. Упершыню мы зрабілі яе з мужчынскім хорам і атрымалася вельмі прыгожае спалучэньне тэмбраў і энэргетыкі. Сапраўднае Раство, асабліва званочкі прыканцы», — кажа кіраўнічка дуэту «Вера&Патрыцыя» Ірэна Катвіцкая. Сьпеў «Новая навіна» таксама выконваецца ў калядным фольк-мюзыкле, дзе Патрыцыя грае Каляду, а Вера — Козку. Пабачыць яго можна 26 сьнежня ў менскім музэі Ваньковічаў.

Кіраўнік «Уніі» Кірыла Насаеў распавядае, што калі атрымаў прапанову спалучыць у гэтым сьпеве дзявочы дуэт і ягоны мужчынскі хор, то прызадумаўся і… адмовіўся. «Дужа розныя стылі — фальклёр і акадэмічныя сьпевы, — кажа Кірыл. — А потым мы зноў прызадумаліся, перакрэсьлілі некалькі варыянтаў і знайшлі аптымальнае рашэньне ў стылі другой хвалі беларускага постмадэрнізму». У запісе акапэльнага нумару ўзялі ўдзел Эміль Багдасар’ян, Аляксандар Радзюк, Аляксандар Ляпуноў, Павал Гонца, Павал Макарэвіч, Андрэй Саўрыцкі, Аляксандар Дзюмін, Андрэй Пятроў, Дзяніс Лазоўскі, Андрэй Кухарэнка.

Песьня «Новая навіна» была запісаная для праекту «Новае пакаленьне на Новы год». Гукарэжысэр запісу Андрэй Акатаў. Відэавэрсію гэтага праекту можна ўбачыць у ноч з 31 сьнежня 2015 на 1 студзеня 2016 году на тэлеканале «Белсат».

Дуэт «Вера і Патрыцыя» і мужчынскі хор «Унія» — «Новая навіна» (музыка і словы народныя, апрацоўка Ірэны Катвіцкай і Кірылы Насаева)

Tuzin.fm

Новая навіна — родзіць панна сына,

парадзіла ў Бэтлееме Марыя едзіна,

парадзіла ў Бэтлееме Марыя едзіна,

На руках трымала, рэч яму сьпівала,

сама своім створыцелем яго называла,

сама своім створыцелем яго называла.

Люлі-люлі сынку, люлі-люлі сынку,

дзе сам едзеш — бяры мяне за мамку-едынку,

дзе сам едзеш — бяры мяне за мамку-едынку.

Новая навіна — родзіць панна сына,

парадзіла ў Бэтлееме Марыя едзіна,

парадзіла ў Бэтлееме…

Марыя едзіна