Про любовь/Про любов/Пра любоў
8934 / 15
03.06.2015

Шпакоўская, Бень і Хітрык сказалі некалькі словаў. Пра любоў (прэм’ера)

Лідэры гуртоў Naka, «Серебряная свадьба» і Sounduk запісалі сумесную песьню на трох мовах — расейскай, украінскай і беларускай пра вайну побач і вайну ўнутры. Прэм’ера на Tuzin.fm.

Cловы і музыку да трэку «Про любовь/Про любов/Пра любоў» напісала Наста Шпакоўская. Яна прапанавала Сьвеце Бень зь «Серебряной свадьбы» і Ганьне Хітрык з гурта Sounduk выканаць яе разам. Кампазыцыю запісаў гурт Naka.

Наста Шпакоўская: «Наш абавязак — нагадаць»

«Асноўны матыў напiсаньня гэтай песнi — гэта вайна. Вайна побач, вайна ўнутры. Вайна, у якой страчваецца асноўнае ў жыцьцi — любоў. Страшна, што нават разумныя людзi ў той цi iншай ступенi ўдзельнiчаюць у гэтай вайне. I зразумела, што ўжо ня выправiць нiчога, але ж мы ўсе, утрох, лiчым сваiм абавязкам нагадаць як сабе самім, так і тым, хто нас пачуе пра тое адзінае, што здольнае нас уратаваць.

Вельмі хацелася, каб песьня гучала на трох мовах, як на адной. Каб нас аб’ядноўвала ня мова, а думка, якая была б зразумелая для ўсіх, у незалежнасьці ад ступені валоданьня адной з моваў. Мы доўга выбудоўвалі кампазыцыю. Спачатку зрабілі асноўнае — голас і фано Ірыны Кліменкі. А потым шукалі як паказаць зьнешнюю барацьбу, нейкі кантрапункт. І прыдумалі з музыкамі такі фінал: фано у 4/4, а музыкi на ¾ граюць, такім чынам песьня набывае асаблівы сэнс, нібы два вымярэньні ў адным часе суіснуюць».

Сьвета Бень: «У мяне комплекс віны перад украінскімі сябрамі»

«Для мяне вялікай радасьцю было ўзяць удзел у выкананьні песьні Насты. Па-першае — такая песьня цяпер вельмі важная. І ў Насты добра атрымалася сказаць пра важнае без завялікага патасу. Па-другое, Наста і Аня вельмі добрыя. І людзі, і сьпявачкі. У нашым трыё я адказвала за ўкраінскую частку перакладу. І вельмі добра, што выйшла менавіта так. Украіна для мяне вельмі шмат значыць. У мяне там столькі сяброў! І перад кожным зь іх у мяне комплекс віны. Я ня ведаю, што магу зрабіць для іх яшчэ, акром таго, што скажу „дэкильки слив про любов“. Бо сярод маіх сяброў і тыя, хто жыве ў Данецку, і тыя, хто жыве ў Львове, і тыя, хто ратуе дзяцей і старыкоў у Антрацыце, калі прывозіць гуманітарную дапамогу пад абстрэлам з абодвух бакоў, і тыя, хто змагаецца ў Айдары. І кожны сьвята верыць у тое, што робіць. А я веру, што хоць якая вайна — дзярмо і аніводным сваім словам або справай не хачу садзейнічаць яе распальваньню.

Тэкст пераклала наша любімая сяброўка-журналіст Даша Кветкіна з Марыюпалю — чалавек, які перажыў абстрэлы, уцёкі з роднага гораду, сапраўдную небясьпеку, сапраўдны страх. Пад перакладам яна напісала: „Прывітаньне! Даруй мне за доўгае маўчаньне. Ня ведала, як сказаць, але ў тых знаёмых, якія валодаюць украінскім словам лепш за мяне ў дадзены момант настрой трохі далёкі ад гэтай прымірэнчай і жыцьцясьцвярджальнай лірыкі:(“.

Я пасля гэтых словаў яшчэ больш пераканалася ў важнасьці такой песьні. Неверагодна цяжка не даваць разрастацца ў сабе варожасьці, нянавісьці, нецярпімасьці. Але трэба!»

Ганна Хітрык: «Гэта пяшчотная, але зусім не дзявочая песьня»

«У мяне складанае стаўленьне да тэмы вайны і выкарыстаньня гэтай тэмы ў песьнях, вершах, пьесах. Гэта — глябальная трагедыя, а на ёй вельмі шмат спэкулююць. У Насьці атрымалася напісаць рэдкую песьню, у якой няма словаў „кроў“, „вайна“, „выбух“. І я вельмі ўдзячная ёй за тое, што мы зь Беней узялі ўдзел у запісе гэтай песьні. Яна вельмі шчырая, пяшчотная, і ў той жа час не дзявочая, яна сур’ёзная. Мне здаецца, што песьня адбылася.

Прыемна ўсьведамляць, што твае калегі — вядомыя акторкі і сьпявачкі — такія ранімыя і шчырыя асобы. Я наогул з замілаваньнем згадваю запіс гэтай песьні, таму што гэта не было халтурай, песьняй дзеля песьні: о, маўляў, усе пішуць пра вайну і мы запішам. Гэта вельмі дарогае дзецішча і для Насьці, і для ўсіх нас. Таму што кожную інтанацыю, кожную ўсьмешку нашу чуваць у гэтай песьні, калі паслухаць уважліва. Там няма скрыўленьняў голасу, наваротаў, упрыгожаньняў, а ёсьць галоўнае — чысьціня. Дзякую Андрэю Хадановічу, які пераклаў маю частку песьні».

Прэзэнтацыя песьні на канале Tuzin. Streaming_Belarus на Soundcloud

Наста, Сьвета і Ганна таксама зьбіраюцца прэзэнтаваць кліп на сваю сумесную кампазыцыю.

Прэм’ера песьні «Про любовь/Про любов/Пра любоў» адбылася на Tuzin.fm. Радыёпрэм’ера пройдзе на «Своём радио» (Расея) і «Радыё Сталіца» (Беларусь). Вядуцца перамовы аб прэзэнтацыі твору і ва Ўкраіне.

Tuzin.fm, фота Андрэй Давыдчык 

КАМЕНТАРЫ:

  • Жабкоўскі / адказаць
    03.06.2015 / 13:40

    чаму гэты руды хлопчык у клятчастай кашулі на фота нюхае свае пальчыкi?

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    03.06.2015 / 17:33

    Ня сьмешна

  • Tacccya / адказаць
    16.06.2015 / 21:07

    Пакет вина Мерлот делает мир добрее..

  • antos / адказаць
    03.06.2015 / 23:35

    якое жудаснае ўкраінскае вымаўленне - сапраўдны здзек з украінскай фанетыкі

    п.с. нармальным людзям заўжды патрэбная праўда

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    04.06.2015 / 10:07

    У дадзеным выпадку падаецца, што важна не вымаўленьне, а суўдзел і праява неабыякавасьці

  • antos / адказаць
    04.06.2015 / 11:12

    як раз наадварот, маніфестуецца абыякавасць да праўды

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    05.06.2015 / 18:22

    Вы трызьніце, шаноўны. Вось у чым-чым, а ў несумленнасьці і непраўдзівасьці выканаўцаў гэтай песьні аніяк не папракнеш.

  • antos / адказаць
    05.06.2015 / 20:07

    ну-ну, шаноўны-хамаваты 12tuzin@gmail.com, патлумачце "не потрібна нам правда і помста"

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    08.06.2015 / 14:15

    Дзе вы ўгледзілі хамства? Папрасілі аўтара патлумачыць на Вашую просьбу згаданыя радкі. Калі ласка, адказ:

    "Я неяк дзiўна сябе адчуваю, калi мне трэба тлумачыць радкi. Ўвогуле ў песьні "Пра Любоў" пяецца пра тое, што патрэбна Любоў, а астатняе ўсё суб'ектыўна....больш няма чаго дадаць". (Наста Шпакоўская)

  • antos / адказаць
    09.06.2015 / 00:43

    Дайце здагадаюся: рабіць выгляд, што не разумееш відавочнага - гэта такі нудлівы тролінг? Такі танны спосаб узняць колькасць каментароў?

    Пакармлю першы і апошні раз. Кваліфікаваць словы суразмоўцы як "трызненне" - тыповае хамства, бо ў тэксце сапраўды ёсць цытаваны пра непатрэбнасць праўды радок. У "несумленнасці і непраўдзівасці" выканаўцаў не абвінавачваў (гэта выключна Вашая фантазія). Прапанова патлумачыць гэты радок была звернутая да мадэратара, які чамусьці хваравіта кінуўся абараняць нібыта пакрыўджаную Шпакоўскую і іншых. Словы апошняй вынесеныя ў пачатак старонкі: "Асноўны матыў напiсаньня гэтай песнi — гэта вайна. Вайна побач, вайна ўнутры. Вайна, у якой страчваецца асноўнае ў жыцьцi — любоў. Страшна, што нават разумныя людзi ў той цi iншай ступенi ўдзельнiчаюць у гэтай вайне".
    Ва ўмовах вайны адварочванне ад праўды - плявок усім тым, хто лічыць гэтую вайну справядлівай і абарончай, хто не скарыўся перад агрэсарам. Можа таму, як сведчыць перакладчыца, тэкст не ўспрынялі ейныя ўкраінскія знаёмыя?

    А пытацца ў аўтара - сапраўднае глупства. Прамоўленае далей жыве ўласным жыццём. І не важна, ці ён адчуваў сябе ў момант напісання мудрэйшым за "нават разумных людзей", якія вымушана ўдзельнічаюць у вайне, ці высвятляў нейкія комлексы, ад якіх "стыдно друг другу в глаза".

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    10.06.2015 / 08:02

    Даруйце, калі абразілі, сваіх наведнікаў мы насамрэч шануем і для іх працуем. Ад колькасьці камэнтароў багацейшымі ня станем, так што ў штучным іх павялічэньні не зацікаўленыя.
    Тлумачыць чужыя тэксты не бярэмся, кожны разумее ў меру сваіх магчымасьцяў. Дзякуй вам за неабыякавасьць.

  • Маскаль / адказаць
    16.06.2015 / 16:11

    Очень сильная песня. Опять белорусы все верно заметили, пока украинцы с русскими в патриотических угарах "угорают"...

  • Tacccya / адказаць
    16.06.2015 / 21:06

    Моцна!!

  • Жабкоўскі / адказаць
    24.08.2015 / 15:08

    Sounduk ? А гэта хіба не той гурт, што паедзе ў кастрычнику ў маскву ды піцер акупантаў забаўляць?

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    24.08.2015 / 15:14

    Яны ж не на зьезд "адзінаросаў" паедуць выступаць, а з канцэртам для пазытыўных людзей, не? Не нагнятайце, калі ласка.

  • КАМЕНТАВАЦЬ