Горад
5856 / 1
05.03.2015

Trubetskoy: «Мы заўжды ўсё роўна» (аўдыё)

Гурт Trubetskoy прадстаўляе ў аўдыёчарце на Tuzin.fm свой новы твор «Горад». Для вакаліста каманды Паўла Булатнікава гэта першы досьвед напісаньня песьні па-беларуску.

Песьня «Горад» увайшла ў новы самотнік «Трубяцкіх» — «Прывітаньне ўсім наогул». Так супала, што рэліз выйшаў адразу пасьля заявы Міхалка аб тым, што ён забараняе сваім былым паплечнікам карыстацца спадчынай «Ляпісаў». Невытлумачальна жорсткія словы Сяргея, вядома ж, непрыемна падзівілі музыкаў, якія аддалі гурту хто 10, хто 17, а хто ўсе 25 гадоў свайго жыцьця. Але драмы з гэтага яны ня робяць. Ад самага пачатку заснаваньня новага «Трубяцкога» яны працуюць над новым матэрыялам, які паступова мае замяніць даўнія песьні. Вакаліст каманды Павал Булатнікаў зазначае, што ў іх не было мэты пераўтварацца ў кавэр-бэнд «Ляпіса Трубяцкога». Проста яны апынуліся ў сытуацыі, калі трэба пачынаць фактычна з нуля, а ўсімі любімыя песьні меліся стаць мастком між мінулым і будучыняй. Trubetskoy на заяву Міхалка адрэгаваў годна: пярэчыць і спрачацца з гэтай нагоды яны ня будуць, адыграюць абяцаныя да гэтага канцэрты з заяўленай праграмай, а потым песьні «Ляпісаў» з рэпэртуару выключаць.

Што да «Гораду», то гэта песьня для Паўла Булатнікава — гістарычная. Хаця б таму, што першая, напісаная на беларускай мове. «Спачатку зьявілася музыка, якую мы зрабілі ўсім гуртом на рэпэтыцыі, а ўжо потым паўстаў тэкст. Мне хацелася перадаць адчуваньне роднага гораду ў той момант, калі вяртаесься з доўгага падарожжа. Пачаў пісаць па-расейску, але потым пераключыўся на беларускую і адразу неяк хутка ўсё атрымалася». Павал кажа, што працяг абавязкова будзе. «Звычайна я думаю і размаўляю па-расейску, але тэксты па-беларуску атрымліваюцца лягчэй. І галоўнае — мне гэта падабаецца!» 

Цяпер Trubetskoy знаходзіцца ў туры па гарадах Расеі і Беларусі, таксама беларускі гурт заедзе з канцэртам у Талін. 25 красавіка яны даюць вялікі сольны канцэрт у менскім Prime Hall, на якім адбудзецца разьвітаньне са спадчынай «Ляпісаў» і прадстаўленьне новага матэрыялу. Сачыць за навінамі каманды можна празь іх афіцыйныя суполкі ЎКантакце і Facebook.

Trubetskoy — Горад (музыка гурта, словы Паўла Булатнікава). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

Аднойчы кожны едзе

З дому, як вандроўнік

Бачым іншыя мясьціны

Мову, ежу, слоўнік

Зіхацее сонца

Ці блішчыць маланка

Сустракае родны горад

Вернемся ўранку

 

Усё знаёма, усё мне звычна

Імчу па вуліцах сталічных

Сьветлафор зялёным вокам

Прывітаньне ўсім наогул

Сьціплы горад памяркоўны

Ён для нас найцудоўны

Шыбы, крамы і бульвары

Ліхтары і водар кавы

 

Далей па краінах

Крочаць нашы сьпевы

Кожны з нас бяз дому

Без карэньня дрэва

Калі мы і крочым

Побач ці надоўга

Вернемся абавязкова

Мы заўжды ўсё роўна

КАМЕНТАРЫ: