Марнатраўны сын
6184 / 1
19.02.2015

Akute. Cправы нашы марныя (аўдыё)

Гурт Akute прадстаўляе ў аўдыёчарце на Tuzin.fm сваё бачаньне ўзорнага гіта сярэдзіны 90-х гурта Ulis. У іхняй гіпстэр-вэрсіі «Марнатраўны сын» пераўтварыўся са змагара ў пафігіста.

Пачуць у выкананьні Akute песьню ня іх аўтарства — рэдкасьць неймаверная. Музыкі рабілі выключэньні толькі двойчы — калі выканалі «Алесю» для праекту «Re:Песьняры» і калі аддалі даніну павагі аднаму з найлюбімейшых сваіх гуртоў — «Улісу», зрабіўшы вэрсіі на дзьве песьні з шэдэўральнага дыску «Танцы на даху» (1993). Песьню «Марнатраўны сын», напісаную Вячаславам Коранем і Фэліксам Аксёнцавым, Стас Мытнік і Рома Жыгараў якраз і прадстаўляюць у аўдыёчарце на Tuzin.fm. «Нам вельмі няпроста граць чужыя песьні. Перайгрываць адзін у адзін нам дакладна нецікава, заўжды хочацца ў такім выпадку выказаць сваё бачаньне, якое можа адрозьнівацца ад арыгіналу», — кажа Раман Жыгараў. Таму «Марнатраўнага сына» Akute пераасэнсавалі настолькі, што цалкам зьмянілі акцэнты і сэнс трэку. У іх падачы песьня пра змаганьне цудоўным чынам ператварылася ў песьню пра каханьне. Такая ж гісторыя здарылася і з другім творам гурту Ulis — «Як на далоні». Зьмяніўся час, таму зьмянілася музыка, таму зьмяніўся сэнс. Сапраўды, калі б магілёўцы сыгралі гэтыя трэкі адзін у адзін — выйшаў бы правал. У гіпстэр-вэрсіі «Марнатраўнага сына» зьнік гэты пазытыўны адраджэнскі пасыл і адчуваньне паўставаньня нечага новага на зломе эпохаў, перажываньне за краіну і свой народ. Аксёнцаў пісаў ад першай асобы, але ў песьні гэтае «я» ўспрымалася якраз як «мы». У вэрсіі Akute з цалкам зламаным музычным хрыбтом «марнатраўны сын» — яўны пафігіст, які больш падобны да героя песьні Чысьцякова «Иду, курю», чым да разважлівага героя Аксёнцава. «Цалкам згодны з такімі высновамі, на першы погляд вельмі нечаканымі», — кажа Раман. Гэты твор стала ўвайшоў у канцэртны трэк-ліст гурта. На выкананьне і выданьне песьні лідэр Ulis Слава Корань даў асабісты дазвол і прысутнічаў на жывой прэм’еры кампазыцыі. 

За пераасэнсаваньне чужога матэрыялу Akute у найбліжэйшы час брацца больш не плянуе — багата сваіх песень, якія цяпер даводзяцца да ладу. Некаторыя зь іх можна будзе пачуць на найбліжэйшых канцэртах гурта — 6 сакавіка ў менскім Re:Public і 7 сакавіка ў гарадзенскім Alpha Centauri.

Akute — Марнатраўны сын (музыка Вячаслава Кораня, словы Фэлікса Аксёнцава, новая вэрсія Рамана Жыгарава і Стаса Мытніка). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

Маю досыць солi

Маю досыць хлеба

Маю досыць бруду

Маю досыць неба

Досыць вольных дзеўчын

Што шукаюць лета

Досыць вечнай смагi

Новага сусьвету

 

Я марнатраўны сын

Княства спадароў

Марнатраўны сын

Сунiчных палёў

Марнатраўны сын

Што раблю я тут

Час iсьцi дамоў

 

Хопiць iншых месцаў

Хопiць iншых вулiц

Хопiць iншых твараў

Хопiць iншых вуснаў

Хопiць сумных песень

Пра сваю старонку

Хопiць рок-н-ролу

На карысьць падонкаў

 

Я — марнатраўны сын

Княства спадароў

Марнатраўны сын

Сунiчных палёў

Марнатраўны сын

Што раблю я тут

Час iсьцi дамоў

КАМЕНТАРЫ: