Конрад Валенрод
7259 / 0
17.12.2014

Tonqixod. Люты нефармат (аўдыёпрэм’ера)

Гурт Tonqixod прадстаўляе ў аўдыёчарце на Tuzin.fm песьню «Конрад Валенрод» з свайго дэбютнага альбому «Прадмова». У больш чым 11-хвіліннай кампазыцыі музыкі зрабілі спробу аб’яднаць абсалютна супрацьлеглыя рэчы.

Прэзэнтацыя «Конрада Валенрода» на Tuzin.fm папярэднічае выхаду доўгачаканага дэбютніка Tonqixod «Прадмова». Гэты трэк на ім апошні. Музыкі жартуюць: «Мы проста вырашылі, што да канца альбому могуць людзі і не даслухаць, дык хай можа хоць так зацэняць, наш непрыкрыты нефармат». Звычайна, у «тузіноўскім» чарце працягласьць кампазыцыяў не перавышае 5 хвілінаў. Гэты ж трэк гучыць ажно 11.22! Мы вырашылі зрабіць выключэньне, бо па-першае, Tonqixod быў у лідэрах у мінулым сэзоне і трапіў у выніковую складанку «Прэм’ер Тузін — 2014». А па-другое, песьня безумоўна вартая слухацкай увагі.

Клявішнік гурта Макс Субач кажа, што ў гэтай кампазыцыі была спроба аб’яднаць абсалютна супрацьлеглыя рэчы: лірызм і істэрыю, баляднасьць і драйв, каноны ды экспэрымэнты. Укласьціся пры гэтым ў 3-хвілінныя радыёмежы проста немагчыма. «Тут таксама выяўляецца нашая прыхільнасьць да часоў росквіту рок-музыкі, калі музыканты не цураліся разгорнутых формаў, а ў дадатак да ўсяго такое „нахабства“ з нашага боку падкрэсьлівае наіўную некамэрцыйнасьць трыё TonqiXod», — дадае Макс.

«Конрад Валенрод» — песьня ў многім імправізацыйная, таму палова трэку запісвалася жыўцом: музыкі зрабілі некалькіх дубляў, потым выбралі адзін і яго дапрацоўвалі. Так што тут чуецца жывасьць з усім яе брудам, пэўнымі недакладнасьцямі, шурпатасьцямі. Музыкі прызаюцца, што вельмі любяць выконваць «Конрада» на канцэртах, бо часам атрымліваюцца нечаканыя вынікі і можна добра разагрэцца, пакуль граеш.

«Гэта абагульненая гісторыя пра жыцьцё ў тыле ворага і адзін галоўны ўчынак, да якога ўсё ідзе, момант, калі затоены гадамі герой нечакана для ўсіх раскрывае сябе. Потым ясна — гвалт, перасьлед, сыстэма спрабуе вярнуць сабе імя, часта ўвекавечыўшы таго, каго сама зьела», — распавядае пра зьмест кампазыцыі яе аўтар і вакаліст каманды Ўладзь Лянкевіч.

Зьвядзеньнем і майстарынгам гэтай песьні і альбому ў цэлым займаўся Канстанцін Пыжоў (за выняткам песьні «Насыпаць горы», зьведзенай Яўгенам Сухавеем). Музыкі кажуць, што выканалі задачу на гэты год — дарабілі дэбютнік, каб рухацца далей і працаваць над новымі ідэямі. Жывая прэзэнтацыя дыску мае адбыцца на пачатку 2015 году.

Увесь альбом даступны для праслухоўваньня і спампаваньня на сайце Ultra-Music

Tonqixod — Конрад Валенрод (музыка гурта, словы Ўладзя Лянкевіча). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

ускідваў рукі ўверх

сьпяваў іхныя гімны

гучней за ўсіх равеў

быў самы свой мабыць

зручны выпадак адзіны

усё будзе як мае быць

бачыш гільятына

але ты знаў адпачатку

выскачыць з акопа

трэба эфэктна

табе кінулі пальчатку

цяпер ты вода

трымай эстафэту

ад конрада валенрода

так казаў стары чорна-белы рыцар:

каралі зьнікаюць, а застаюцца прынцы

long live the king! the king is dead!

каб ня пэцкаць сцэну

расьсцелем цырату

і паставім помнік

а пасьля рэфрэну

будзем ладзіць сьвяты

пастамэнт і коньнік

а зьнізу – цытата

так казаў стары чорна-белы рыцар

каралі памерлі, але застаўся прынцып

long live the king!the king is dead!