6624 / 0
02.12.2014

Натуральны індастрыял ад гурта «Мутнаевока» (відэа)

У новым кліпе на песьню «Апантаны» гурт «Мутнаевока» імкнуўся распавесьці пра дачыненьні мэханізмаў і жывых арганізмаў. Аўтары роліку кажуць, што ў пляне дынамікі, колеру ды ўласна сцэнару гэтае відэа — нібы люстра кінастужак часоў Гічкока і Ўоргала.

Лідэр гурта «Мутнаевока» Яўген Змушка распавядае, што ад часу стварэньня песьні «Апантаны» быў пэўны ў тым, што яна найперш вартая відэашэрагу. Кліп на яе для гурта другі — дэбютны быў зьняты на «Саўндтрэк», але Яўген лічыць менавіта «Апантаны» першым прафэсійным ролікам. Музыкі засталіся цалкам задаволеныя працай здымачнай каманды Cinema pride. Рэжысэрам кліпу выступіў Зьміцер Шкрадзюк, апэратар — Сяргей Аўсянік (яны ж здымалі відэа для Вольскага, Akute і гурта Sounduk). Ідэя і задума належыць Яўгену Змушку. Вакаліст у кліпе паўстае ў вобразе «апантанага д’ябла». «Сюжэтная лінія праходзіць на першы погляд хаатычна, але насамрэч дэманструе сынхранізаваны жыцьцёвы цыкль, — тлумачыць Яўген. — Гэта натуральны індастрыял у сваім выяўленьні, дзе і жывы арганізм, і мэханізм зьяўляюцца неад’емнымі часткамі адзінага працэсу. Мы наўмысна адмовіліся ад лягічнага разгортваньня падзеяў, што ўласьціва большай колькасьці музычных кліпаў, каб даць гледачу грунт для фантазіі і меркаваньняў». Для аўтараў роліку ў пляне дынамікі, колеру ды ўласна сцэнару гэтае відэа — нібы люстра кінастужак часоў Гічкока і Ўоргала, калі фокус накіроўваўся на адзін аб’ект, вобраз якога раскрываўся на працягу фільму.

Здымкі відэа адбываліся ў закінутым паркінгу ў Менску, непадалёк ад вуліцы Сямашкі. Гэтае месца добравядомае аматарам паркуру ды іншым экстрымальнікам. Менавіта там здымаўся, дарэчы, і кліп «Шэрая кроў» Лявона Вольскага.

З камандай Cinema pride музыкі будуць працягваць супрацу і надалей. Менавіта яны будуць здымаць відэавэрсію вялікага канцэрту гурта 13 сьнежня ў Re:Public.

Мутнаевока — Апантаны (рэжысэр Зьміцер Шкрадзюк/апэратар Сяргей Аўсяньнік). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm