У гіт-парад трапляюць песьні беларускіх музыкаў, запісаныя ў апошні год. Агулам зьбіраецца 12 удзельнікаў туру — г. зв. тузін. Разьмяшчэньне песьні ўзгадняецца з выканаўцамі (праваўладальнікамі). Музычны кірунак ролі ня грае, мова твору — беларуская.
Кожны тур гіт-параду цягнецца каля трох месяцаў і адпавядае пары году (восень, зіма, вясна). Пасьля падвядзеньня вынікаў галасаваньня, чарт абнаўляецца цалкам, і галасаваньне пачынаецца спачатку. Улетку праводзіцца мэгатур па вызначэньню найлепшага гіта, у якім удзельнічаюць усе песьні сэзону.
Песьня мусіць быць прадастаўлена ў добрай якасьці (не ніжэй за 192Kbs). Песьні ў абавязковым парадку запампоўваюцца на сэрвэр парталу TuzinFM.
Права прыняцьця канчатковага рашэньня аб уключэньні або неўключэньні ў гіт-парад песень, кліпаў і альбомаў рэдакцыя парталу пакідае за сабой.
Галоўнае патрабаваньне да ўдзельнікаў гіт-параду ды іх прыхільнікаў весьці шчырую барацьбу. Галасаваць можна зарэгістраваным на сайце карыстальнікам, а таксама зайшоўшы ў свой акаўнт у сацыяльнай сетцы (Facebook, «УКантакце») адзін раз на суткі, абіраючы адну, дзьве або тры песьні.
Кранае
Берасьцейскі гурт «Сразу май» прэзэнтуе ў вясновым туры на TuzinFM песьню «Кранае». Лідэр каманды Сяргей Стэцюк ужо напісаўшы тэкст зразумеў, што атрымаўся працяг славутага гіта N.R.M.
Крок
Сьпявачка і мадэлька Дар’я Калейчык прэзэнтуе ў новым туры аўдыёчарту на TuzinFM свой новы сынгл «Крок».
Спытай
У новым туры на TuzinFM праект сьпявачкі Дар’і Ксенафонтавай D.Jaza прэзэнтуе трэк «Спытай» — свой галоўны гіт на гэты момант, у гонар якога названы дэбютны рэліз.
Новая вясна
Лідэр гурту BosaeSonca Алесь Кот-Зайцаў разам з прадусарам і ўдзельнікам гурту Nuteki Аляксандрам Верным прэзэнтуюць на TuzinFM сынгал «Новая вясна».
Пішы
Гурт «Закон Гука» прэзэнтуе ў дадатку да праекту «(Не)расстраляная паэзія» песьню на словы Вацлава Ластоўскага «Пішы».
Мэтро
Гурт «Мутнаевока» прэзэнтуе ў зімовым туры на TuzinFM новую песьню «Мэтро», якая была запісаная ў студыі праграмы Belsat Music Live.
Нёман
Пераможцы «Басовішча-2017» прэзэнтуюць у зімовым туры на TuzinFM свой новы гіт «Нёман», які быў запісаны жыўцом у студыі праграмы Belsat Music Live.
Неба
Мікіта Ігнаценка сёлета на ўздыме — ягоны праект прызнаны адкрыцьцём году ў беларускай музыцы на прэміі «Героі году», а песьня «Неба» названая «Песьняю году па-беларуску» на АНТ. Яе жывая вэрсія бярэ ўдзел у зімовым туры аўдыёчарту на TuzinFM.
Зіма зь летам
У зімовым чарце на TuzinFM Іван Кірчук, Юры Дзьмітрыеў і Юры Паўлоўскі прэзэнтуюць жывы запіс вясновай песьні пра тое, як зіма зь летам стракаецца, зроблены ў студыі праграмы Belsat Music Live.
Žorny
Лявон Вольскі прэзэнтуе ў зімовым чарце на TuzinFM жывую вэрсію песьні «Žorny», якая была запісаная ў студыі праграмы Belsat Music Live.
Новае кіно
Cьпявак Юзары прэзэнтуе ў зімовым туры аўдыёчарту на TuzinFM твор «Новае кіно» ў жывым выкананьні, запісаны падчас выступу ў праграме Belsat Music Live.
Гародня
У зімовым туры гурт Dzieciuki прэзэнтуе новую песьню «Гародня», якая была запісаная ў студыі праграмы Belsat Music Live.