Тодар Кашкурэвіч: «Ня хочам вёску, хочам жыць агрэсіўна» (фота, відэа)
4854 / 1
27.05.2014

Тодар Кашкурэвіч: «Ня хочам вёску, хочам жыць агрэсіўна» (фота, відэа)

Лідэр гурту рытуальнага фальклёру Essa Тодар Кашкурэвіч распавёў у інтэрвію Tuzin.fm, чаму ён зьмяніў стылістыку на этна-індастрыел і як завабіў у сумесны праект зорку эўрапейскага джазу Пятраса Вішняўскаса.

Тодар паходзіць з славутай мастацкай дынастыі Кашкурэвічаў. Яго бацька Арлен — народны мастак Беларусі, брат Ігар — яркі пэрформэр, яскравы прадстаўнік беларускага авангарду. Тодар, таксама выдатны мастак, упісаў сваё імя яшчэ і ў гісторыю беларускай музыкі. Ён адзін з тых, хто аднавіў дударскі рух у Беларусі, вядомы майстар і дасьледчык фальклёру. Яго гурт Essa дае вялікі канцэрт дзеля якога ў Менск прыедзе Пятрас Вішняўскас, яшчэ з савецкіх часоў гонар літоўскага джазу і прызнаны ва ўсім сьвеце саксафаніст. Напярэдадні канцэрту Тодар Кашкурэвіч даў інтэрвію парталу Tuzin.fm.

ТГ: Як вы сышліся зь Пятрасам?

Першапачаткова ў нас было супрацоўніцтва з маім літоўскім калегам, таксама народным музыкантам — Гвідасам Кавэра, зь якім мы даволі доўга вандравалі па сьвятых язычніцкіх месцах Беларусі і Літвы. Доўгімі часамі імправізавалі на аснове народнай музыкі: літоўскай і беларускай. Потым атрымалася так, што на нас зьвярнуў увагу вядомы джазавы саксафаніст Пятрас Вішняўскіс і разам мы запісалі супольны праект. Гэта было ў 2008 годзе, праект мае назву «Цішы Лабаноры» (літоўская назва «Тylos Labanoro»).

На фота: праект «Цішы Лабаноры», 2008 год. Зьлева направа: Тодар Кашкурэвіч, Пятрас Вішняўскас, Гвідас Кавэра

ТГ: Ці шмат далі сумесных канцэртаў з таго часу і ці быў у вас разьлік на камэрцыйнасьць вашай супрацы?

Мэта праекту — гэта заўсёды творчасьць. Фінансы цікавяць нас у апошнюю чаргу. Пятрас Вішняўскіс даволі авантурны чалавек, ён клюе на розныя музычныя правакацыі, асабліва зьвязаныя з этнічнай культурай. У нас былі канцэрты ў Менску, некалькі ў Літве. Гралі на завяршальным канцэрце вядомага фэстывалю «Кaunas Jazz2006». 

ТГ: Што на сёньня ўяўляе ваш гурт Essa?

Першапачаткова ў яго акром мяне ўваходзілі яшчэ Вольга Дзядовік і Сьвятлана Клепікава. Гэтыя жанчыны доўгі час вывучалі аўтэнтычны фальклёр, рэгіянальныя манеры сьпеваў. Гурт у прынцыпе ўзьнік на аснове нашай кансэрватыўнай закаханасьці ў фальклёр. Мы даволі працяглы пэрыяд працавалі ў пост-фальклёрным фармаце, можа быць набліжаным да латыскага ці літоўскага… Потым разыйшліся, а зараз робім праект у стылі этна-індастрыел, альбо — катарсіс-фольк, таму што ў нас фальклёр не вясёлы, ён вельмі мінорны і трагічны. Такая ўласьцівасьць беларускага аўтэнтычнага фальклёру. На сёньня ў гурт Essa уваходжу я, мая жонка Вольга Дзядовік-Кашкурэвіч, а таксама Дамінік і Сабіна Пятроўскія, яшчэ дзеці, ім толькі па 14—16 гадоў.

На фота: гурт Essa

ТГ: Анансуецца ваш новы праект «Няміга». Што ён зь сябе будзе ўяўляць?

Сэнс у тым, што мы гараджане і мы культывуем этнічную традыцыю. «Няміга» таму што тая старажытная рака наша старажытная балцкая душа, яна ўсё роўна цячэ, яна ўсё адно ёсьць: няхай сабе ў трубе, у мэтро… І мы там не крывім душой, не рэканструюем вёску, а ўжываем традыцыйнае гучаньне вакальнае ды інструмэнтальнае у спалучэньні з тэхнакратычнымі гукамі: жалезнай бляхай, кровельнымі, індустрыяльнымі гукамі… Гэта наш фальклёр у Менску і мы яго адстойваем. Мы ня хочам нейкую вёску, мы хочам агрэсіўна жыць у гэтым сьвеце. На гэта нас натхняе любоў да сваёй спадчыны. У любых умовах, нават у горадзе, можна культываваць традыцыйную вясковую культуру агрэсіўна. Мы павінны актыўна культываваць нашу старажытную традыцыю. І мы гэта робім у новых формах, новых стылях, з удзелам новых інструмэнтаў. Наш праект «Няміга» будзе прэзэнтаваны якраз 30 траўня ў сумесным канцэрце зь Пятрасам Вішняўскасам.

Наогул канцэрт 30 траўня будзе складзены зь дзьвюх частак. Першая — імправізацыя на дудах і саксафоне. Будуць гучаць творы з праекту «Цішы Лабаноры», а другая частка — пэркусійная. Там прагучаць цымбалы, гусьлі, усялякія жалезныя гучкі, вось гэта наш апошні фармат.

ТГ: Гэта так здаецца, альбо ў вас выступы здараюцца вельмі рэдка?

Зараз мы выступаем 30-га, за дзень да гэтага ладзім акцыю-пэрформанс у Ракаве ў канцэртнай залі з шыкоўнай акустыкай, дзе будзем запісваць на відыё- і аўдыё наш альбом. А так сапраўды мы не выступоўцы. Мы творцы. Для нас самае галоўнае — рабіць музыку, ствараць і запісваць яе. А езьдзіць выступаць, зарабляць нейкія грошы — не для нас.

ТГ: Тым ня менш, выступы на летніх фэстах плянуеце?

Спадзяемся даць канцэрт у Літве на вельмі крутым фольк-мадэрн фэстывалі Mėnuo Juodaragis ды яшчэ на некалькіх эўрапейскіх фэстывалях, дзе можна паказаць сваю музыку. Канечне, гэтыя фэстывалі не прыносяць прыбытку, але паўдзельнічаць у іх напраўду цікава.

 

Калі мы выяжджаем на замежныя фэстывалі, то сутыкаемся з самай вялікай складанасьцю — афармленьне візаў. І хоць у нас ужо, як кажуць, сьцежкі наежджаныя, усё адно сутыкаемся зь цяжкасьцямі. Ёсьць таксама і фінансавыя складанасьці… Вось мы ўжо амаль запісалі дыск і ўсё гэта зроблена на свае грошы.

ТГ: Зь Пятрасам Вішняўскасам мяркуеце працягнуць супрацу надалей?

Даволі складана казаць. Разумееце, ён такі панк-гіпі, як і мы (сьмяецца). Яго цікавіць інтрыга ў музыцы, ён заўсёды чапляецца за нейкія новыя музычныя правакацыі: тэмбравыя, акустычныя і гэтак далей. Думаю, што калі атрымаецца наш зь ім новы праект, калі ён пагодзіцца запісаць хаця б некалькі кампазыцыяў, то ўсё можа быць. Пакуль што хочацца адказаць станоўча. Мы плянуем выступіць супольна ў Літве, можа нават далей паедзем.

Натальля Стрыжак, Tuzin.fm, фота Tut.by

Тодар Кашкурэвіч і Пятрас Вішняўскас. Супольны канцэрт. 30 траўня ў малой залі КЗ «Менск». 19:00. Даведкі +37529 648-08-88.

КАМЕНТАРЫ: