Катвіцкая і дзеці. «Ім быць культурнай элітай краіны» (аўдыёпрэм’ера)
2739 / 2
09.05.2014

Катвіцкая і дзеці. «Ім быць культурнай элітай краіны» (аўдыёпрэм’ера)

Сьпявачка і пэдагог Ірэна Катвіцкая распавяла пра свае праекты — фольк-гурт «Рада» і этна-джаз дуэт «Вера & Патрыцыя» ды патлумачыла дзеля чаго яна вучыць дзетак беларускім сьпевам.

Фальклёрны ансамбаль «Рада» існуе ўжо шэсьць гадоў. Паўстаў ён дзякуючы сьпявачцы Ірэне Катвіцкай, вядомай з гурту Akana ды сольнай творчасьці. Менавіта яна сабрала разам дзетак дзеля беларускага сьпеву. «Мне здаецца, што спачатку цікавасьць ёсьць да асобы настаўніка, а потым ужо празь некаторы час дзеткі сапраўды адчуваюць смак беларускіх сьпеваў. І гэтую энэргетыку — сьпяваць гуртом. Ёсьць вучні, якія накіравана сьпяваюць беларускі фольк, бо такая традыцыя ў сям’і», — распавядае Ірэна.

«Рада» вылучаецца сярод падобных школьных фольк-калектываў найперш грунтоўнасьцю падыходу. Вучні Ірэны ня толькі вучацца сьпевам, але і дасьледуюць фальклёр розных жанраў і рэгіёнаў Беларусі, знаёмяцца з традыцыямі продкаў, удзельнічаюць у рэканструкцыі абрадаў, шыюць традыцыйныя касьцюмы. А таксама набываюць навыкі сцэнічнай пластыкі, гульні на пэркусійных і шумавых інструмэнтах. У працы ансамблю задзейнічана інструмэнтальная група (бас-гітара, акардэон, скрыпка, пэркусія, флейта), дзякуючы чаму ствараюцца арыгінальныя аранжыроўкі для народных напеваў у стылі этна-джаз.

Усяго ў Катвіцкай займаецца 15 чалавек. Узрост — ад 7 да 15 гадоў. Самая старэйшая сьпявачка — Яўгенія Воўкава (15 гадоў), сьпявае чатыры гады, яна фактычна дапамагае Ірэне ў кіраваньні калектывам. У ансамблі ёсьць і хлопцы — Алесь, Глеб і Аляксей (па 12 гадоў), яны вельмі важныя ўдзельнікі — мужчынскі твар і характар «Рады». Ансамбль пастаянна ўдзельнічае ў фэстах, конкурсах, канцэртах. Лік узнагародаў калектыву ды асобных яго прадстаўнікоў ідзе на дзясятак. Летась «Рада» здабыла перамогу на фэстывалі ў Баўгарыі, сёлета атрымала ўзнагароду на фэсьце «Варшаўскі палянэз» у Польшчы, а на Slavic Music Fest-2014 у Кракаве «Рада» давала майстар-клясу па песенных традыцыях беларусаў. Вельмі яскравы быў іх выступ на фэстывалі «Камяніца-2013».

На пытаньне дзеля чаго яна асабіста прысьвячае столькі часу працы зь дзеткамі, Ірэна Катвіцкая спачатку задумваецца. «Так трэба… Адчуваю, што трэба вучыць. На што мне веды, калі няма каму іх перадаць. Дзецям трэба даць магчымасьць ведаць свае песьні, сьпяваць беларускае, праз гэта яны робяцца неверагодна прыгожымі. Яны вельмі адрозьніваюцца ад іншых дзяцей, нібыта ведаюць важную таямніцу. Гэта зусім маладыя беларусы, яны па-іншаму ставяцца да мовы і традыцыяў. Цікавасьць такія рэчы выклікаюць у тых, хто прагне ведаць, у таго, хто заўтра будзе культурнай элітай нашай краіны, будзе прэзэнтаваць нашу культуру ў сьвеце».

У межах «Рады» паўстаў самастойны дуэт сьпявачак Патрыцыі Сьвіцінай і Веры Саламонік — «Вера & Патрыцыя». Першы іх выступ адбыўся сёлета ў Варшаве. Свой дэбютны запіс сааранжаваны Ірэнай Катвіцкай дзяўчыны прадстаўляюць наведнікам парталу Tuzin.fm.

Патрыцыя Сьвіціна ў свае 13 гадоў ужо мае багата ўзнагародаў. Толькі сёлета яна стала ляўрэаткай міжнароднага фэстывалю «Кубак Эўропы», што праводзіўся ў Менску, конкурсу «На легендарнай сцэне» ў Віцебску, фэсту «Варшаўскі палянэз». Дарэчы, менавіта Патрыцыя атрымала прыз за найлепшы калядны строй на канцэрце «Каляды ў вялікім горадзе», што ладзіў гэтаю зімою партал Tuzin.fm разам з гуртом «Палац». 10-гадовая Вера Саламонік займаецца сьпевамі толькі першы год. Сёлета яна паехала на фэст «Варшаўскі палянэз» і была прызнаная самым артыстычным удзельнікам конкурсу.

Песьня, якую прадстаўляюць Патрыцыя і Вера, завецца «Чырвоная вішня», гэта пазаабрадавы лірычны твор, запісаны Ірэнай Катвіцкай падчас экспэдыцыі ў Карэліцкім раёне. «У сьветлай дзіцячай душы ўмяшчаецца шмат пачуцьцяў і страхаў. Дзяўчынкі вельмі эмацыйныя і ім вельмі важны дыялёг з маці. Мая дачка, напрыклад, вельмі незадаволеная, калі я зьяжджаю. Ці Патрыцыя ўсё баіцца, што калі я раптам куды зьеду і ня вярнуся, а яна застанецца адна і больш ня зможа займацца сьпевамі. А ў гэтай песеньцы ўсё наадварот: тут дачка зьяжджае ў іншую краіну, даволі актуальны кантэкст. І яна нібы размаўляе з сваёй маці і выказвае свае пачуцьці».

«Вера & Патрыцыя» рыхтуюцца да вялікага канцэрту, які заплянаваны на 16 траўня ў моладзевым тэатры эстрады. Тамсама выступіць і ўвесь калектыў «Рада». Падрабязнасьці пра гэта мерапрыемства ў нашае афішцы.

Сяргей Будкін, Tuzin.fm, фота прадстаўленыя Ірэнай Катвіцкай

КАМЕНТАРЫ: