Landau. Парушыўшы законы прыцягненьня (аўдыё, відэа)
4054 / 2
07.05.2014

Landau. Парушыўшы законы прыцягненьня (аўдыё, відэа)

Берасьцейская каманда Landau прадставіла сынгл «Śniežań», які сьведчыць, што на беларускай музычнай сцэне паўстаў гурт, які можа стаць сапраўднай зьявай.

Берасьцейскі гурт Landau пачынаў і працягвае сваю творчасьць па-ангельску, але разам з тым музыкі вельмі хутка стварылі таксама парачку беларускамоўных кампазыцыяў. На канцэртах і конкурсах яны рэгулярна выконваліся, але рэлізы гурта чамусьці абыходзіліся бязь іх. І вось, нарэшце, адбылося: маем сінгл «Śniežań» з ажно трыма песьнямі на нашай мове.

Выканаўцы і самі прызнаюць, што працу над сваім беларускім матэрыялам зацягнулі на цэлыя два гады. Запісалі некаторыя інструмэнты, а далей усё падвісла. Як кажа вакалістка гурта і аўтарка тэкстаў Лена Калейнікава, гэтыя два гады ўвогуле былі для калектыва застойнымі.

Затое цяпер Астапа панесла. У максымальна сьціслыя тэрміны музыкі ня толькі дарабілі дзьве свае песьні, але і запісалі супольную з салістам гурта Zolki Band Раманам Ладуцькам. Яна і дала назву сынглу. Так што ня блытайце экспэрымэнт Ромы ў сьпевах на высокім голасе з вакалам Лены Калейнікавай. Апроч таго, Landau працуе над запісам адразу двух альбомаў, адзін зь якіх плянуецца як поўнафарматны. Сярод новага матэрыялу ёсьць і беларускамоўны, але пакуль не апрануты, як кажа Лена, у музычную абгортку.

Цікава, што рухавіком беларускасьці ў гурце зьяўляецца ня аўтарка песьняў, а хутчэй гітарыст Андрэй Кухарчук, які камфортна сябе адчувае і ў размове па-беларуску. Для Берасьця, дзе фактычна не існуе беларускамоўнай прасторы, гэта важная дэталь: далёка ня кожны ўдзельнік нават чыста беларускамоўнага гурта наважваецца даваць інтэрвію не па-расейску. Як з усьмешкай прызнаецца аўтарка, тэксты нараджаюцца без асаблівых цяжкасьцей, але праходзяць рэдактуру Андрэя. Гітарыст жа працаваў зь беларускімі песьнямі і ў папярэднім сваім гурце Іntra muros, што дазваляе яму сказаць: «Беларуская мова з намі вельмі даўно». Пастаянны зварот да мовы музыкі абгрунтоўваюць ня толькі ўласнай патрэбай, але і патрэбай грамадзтва, як бы дзіўна гэта ні гучала ў сёньняшніх умовах.

Калі ж коратка сказаць пра тое, чым яшчэ, акрамя запісаў, жыве гурт, то назавем пасьпяховы ўдзел у нядаўнім польскім фэстывалі Ilawska Fama, дзе берасьцейцы сталі ляўрэатамі. Найбліжэйшым часам Landau зьбіраецца наведаць яшчэ некалькі польскіх фэстаў, а таксама зладзіць у Берасьці сольны канцэрт. Музыкі сапраўды ўмеюць арганізаваць свае выступы так, каб падзея яшчэ доўга абмяркоўвалася. Адметнасьцю гурта зьяўляецца прадуманы зьнешні выгляд. Яны на сцэне заўжды непаўторна прыгожыя, у чым найбольш вінаваты бас-гітарыст Яўген Ляўчук, які ў па-за музычным жыцьці працуе мадэльерам.

Іна Хоміч, Tuzin.fm

Тэгi:

КАМЕНТАРЫ:

  • Сяргей Будкін
    Сяргей Будкін / адказаць
    07.05.2014 / 18:12

    Выдатнае сьведчаньне таму, як гурт зьмяняецца, становіцца цікавейшым і ў ідэйным, і ў музычным пляне, набывае сваю адметнасьць і нейкую асаблівую сакавітасьць, калі пераходзіць на беларускую мову. Безумоўна адна з самых цікавых працаў гэтага году!

  • Max / адказаць
    27.06.2014 / 10:34

    Ребята, спасибо за отличную музыку именно с белорусскими песнями, английский и рядом не валялся!

  • КАМЕНТАВАЦЬ