Askiepak. Толькі Купала. Толькі гард-кор (аўдыё, відэа)
2619 / 0
22.04.2014

Askiepak. Толькі Купала. Толькі гард-кор (аўдыё, відэа)

Яны рубяць мэлядычны гард-кор на словы Янкі Купалы, у прома-мэтах карыстаюць архівы «Песьняроў» і на гадавіну сваёй дзейнасьці плянуюць тур па Беларусі. Удзельнікі гурту Askiepak далі інтэрвію Tuzin.fm.

Свой дэбютны міньён гурт Askiepak пісаў у трох гарадах — Салігорску, Менску і Слуцку. Праца вялася практычна год. Спачатку музыкі ў якасьці сынглу прэзэнтавалі дэбютны трэк «Будзь сьмелым» на словы Янкі Купалы — той самы верш, словы зь якога цытуюць вулічныя мастакі і Міхалок на канцэртах «Ляпісаў». Цяпер музыкі рыхтуюцца да свайго самага першага канцэрту ў Менску і адразу едуць у тур па Беларусі.

ТГ: Калі паўстаў гурт і чым тлумачыцца абраньне менавіта гэтай стылістыкі?

Задума сабраць Askiepak зьявілася на пачатку 2013 году, да чаго вырашылі спрычыніцца ўдзельнікі розных ужо дзейных на той час гуртоў. Захацелася паспрабаваць зрабіць мэлёдык-гардкор па-беларуску, бо падобны накірунак слаба прадстаўлены.

ТГ: Чым можаце пахваліцца за гэты час?

Мы гурт малады, толькі пачынаем свой шлях. На сёньня маем сынгл i дэбютны EP. Трэк «Budź śmiełym!», які быў апублікаваны раней за астатнія ў якасьці сынглу — гэта спроба пакласьці твор-заклік нашага выбітнага земляка Янкі Купалы, на тую музыку, што мы любім, праз 100 гадоў пасьля напісаньня верша.

ТГ: Ці можна па-Вашаму кагосьці зацікавіць беларускамоўным гард-корам ды ў прынцыпе беларускамоўнай музыкай?

Як паказвае рэакцыя на ЕР і сынгл — яшчэ як можна. І ня толькі ў Беларусі. Даволі шмат маладых гуртоў ёсьць на сёньня, якія экспэрымэнтуюць зь беларускай у вельмі розных накірунках. Дый мы не зьбіраемся спыняцца. Мяркуем, што для беларускамоўнае музыкі ўсё яшчэ наперадзе.

Вытрымка з абмеркаваньня на арт-нарадзе RuTracker.org (Расея) EP «Mabyć» гурту Askiepak:

«Забойны міні-альбом, браты-беларусы не перастаюць радаваць якаснай музыкай. Запісана і сыграна талкова, стылістычна ўсё зроблена па канонах жанру…»

«Вельмі бадзёры гардкор. Палымяны, жвавы, цікавы. Песьні можа быць трошкі падобныя адна да адной, але пры гэтым зусім не прытамляюць. Прыемны запіс альбому таксама радуе слых — усё на вельмі высокім узроўні…»

ТГ: Пытаньне мовы для вас істотнае і прынцыповае? Толькі па-беларуску?

У першую чаргу на сваёй, але не выключаем варыянты на чужых мовах. Бываюць песьні адначасова на некалькіх мовах. Кожная песьня індывідуальная справа.

ТГ: Чаму свой самы першы трэк вырашылі напісаць на верш Купалы?

Цікава, ці мог Янка Купала ўявіць, што праз сто гадоў пасьля таго, як ён напісаў тыя радкі, яны будуць актуальнымі? Калі так пэўна, ён сапраўдны клясык, які казаў пра Вечнае. Калі не — пытаньне ўжо да ўсіх нас.

ТГ: На сучасную беларускую паэзію зьвяртаеце ўвагу?

Сытуацыйна, бо клясыкі ўсё ж у большым фокусе. Спадзяемся, што не пакрыўдзім вялікую колькасьць сучасных паэтаў, бо гэта напэўна нармальная зьява. Але мы чулі пра конкурс «Засьпявай.BY» і хацелі б узяць удзел. Вось думаем-абіраем верш. Калі нехта з аўтараў жадае супрацоўнічаць — шчыра вітаем.

Прома-відэа EP. Askiepak&Песьняры.

ТГ: Ці маеце на мэце запісаць паўнавартасны альбом?

— Вядома ж. Ужо працуем, ёсьць ладны кавалак матэрыялу. Ня будзем загадваць на час і зьмест, але будзем імкнуцца не расчараваць. Хаця б саміх сябе. На 12-га ліпеня ў нас заплянаваны дэбютны канцэрт у Менску, зь якога пачнецца наш міні-тур па шэрагу беларускіх гарадоў. Заплянавалі цягам тыдня — з 13 па 20 ліпеня сем канцэртаў у сямі гарадах: Берасьце, Баранавічы, Горадня, Ліда, Віцебск, Магілёў, Салігорск, Слуцак. Шчыра будзем рады закантачыцца з зацікаўленымі гуртамі і арганізатарамі.

Афіцыйная суполка гурту Askiepak УК

Tuzin.fm