Новы ўдзельнік «Траўня» — Naka piano (відэа)
2143 / 1
09.04.2014

Новы ўдзельнік «Траўня» — Naka piano (відэа)

Камэрны сайд-праект сьпявачкі Насты Шпакоўскай і клявішніцы Ірыны Кліменка з гурта Naka рыхтуе на фэстываль «Травень» эксклюзіўны сэт.

Наста Шпакоўская верыць у выпадковасьць і кажа, што некаторыя рэчы ў яе жыцьці здараліся праз чыстую выпадковасьць. Той жа праект Naka piano, які паўстаў у выніку экспэрымэнту Насты з клявішніцай гурта Naka. Дзеўчыны дзеля цікавасьці паспрабавалі падаць ужо вядомыя песьні ў чыста акустычным гучаньні, без гітараў ды бубнаў. І выйшла вельмі хораша. Наста і Іра разглядаюць Naka piano як самастойны праект, які выконвае як песьні гурта Naka ў кардынальна іншым гучаньні, так і песьні, якія ў рэпэртуар асноўнай каманды не ўваходзяць. Летась пабачыў сьвет дэбютны дыск, прэзэнтаваны ў шэрагу беларускіх гарадоў, а таксама ва Ўкраіне і Расеі.

Ці будзе студыйны працяг Naka piano Наста казаць не бярэцца: «Мы не будуем пэўных плянаў вакол гэтага праекту. І пакідаем месца для чарговай выпадковасьці». Гэтак жа выпадкова, дарэчы, паўстала песьня «Бяжы» для праекту «Тузін. Перазагрузка», якую самым цудоўным чынам пераасэнсаваў на беларускую Сяргей Балахонаў. Надвычайна яна гучыць і ў камэрным варыянце.

Гурт працягвае супрацу зь літаратарам, цяпер Сяргей перакладае новыя кампазыцыі Насты — «Наливай» ды «Прощай». Калі ўсё будзе добра, то наведнікі «Траўня» першымі пачуюць новыя вэрсіі гэтых песень.

Цягам паўгадзіннага сэту Naka piano на «Траўні» абавязкова прагучаць «Бяжы», «Чакаем», «У баі», «За дождём», «Крылья» і яшчэ некалькі нумароў, назвы якіх пакуль трымаюцца ў сакрэце.

Фэстываль «Травень» пройдзе на сцэне клюбу «Мулен Руж» 18 траўня. Яго ўдзельнікі будуць прадстаўляцца паступова на сайтах заснавальнікаў фэсту Tuzin.fm, Budzma.by і Graffiti.by.

Ужо заяўленыя ў якасьці выступоўцаў Re1ikt, «Людзі на балоце»Тацяна Беланогая.

З 8 да 18 красавіка квіткі на фэст можна набыць па 110 000 (танцпляц, у клюбе «Графіці»), 120 000 (танцпляц, на сайце Kvitki.by) і 140 000 (столік, набыць можна толькі ў клюбе «Графіці»). Пасьля квіткі будуць каштаваць даражэй.

Інфалінія фэсту «Травень»: 638-44-44 (мтс, velcom, life).

Tuzin.fm, фота Валянцін Хасеневіч

КАМЕНТАРЫ:

  • lipa777 / адказаць
    10.04.2014 / 16:56

    Настачка сваёю песьняю "Бяжы" калісьці проста разарвала ушчэнт мой погляд аб тым, что годнай поп музыцы па-беларуску ў краіне няма...Годны й таленавіты чалавек...Ведаю шмат маіх знаемых якія да гэтай песьні казалі аб калхознай мове, апасля таго як у маё машыне чулі гэту песьню, казалі- слухай, а ня такая ж жаш ужо й зацугляная наша мова. У іхніх галовах проста ня укладалася як мажліва - ТАК ды па-беларуску...Нізкі паклон табе Настачка

  • КАМЕНТАВАЦЬ