!OUT: Як плынь ракі (аўдыёпрэм’ера EP)
2276 / 2
05.04.2014

!OUT: Як плынь ракі (аўдыёпрэм’ера EP)

Трыё It Loops! прэзэнтуе на Tuzin.fm свой дэбютны міньён «Плынь». Рэліз прысьвячаецца чатыром рэкам з розных кантынэнтаў.

У Беларусі сталі часта зьяўляцца гітарныя бэнды, якія прынцыпова не сьпяваюць, а магчымасьці шасьціструнак пашыраюць альбо з дапамогай лічбавых гаджэтаў, альбо праз уласнае майстэрства ды фантазію. Да гэтага шэрагу можна аднесьці і трыё It Loops! зь Менску.

Гурт It Loops! існуе зь вясны 2010 году. Яго заснавальнікі Сяргей Ніканенка (гітара) ды Васіль Панкратаў (бас) перад тым гралі ў рок-камандзе «Абшар». Паралельна Васіль меў уласны мэлядэклямацыйны праект «Інфрачырвоны выдых», які ўжо, па ягоных словах, «выдыхнуўся». Трыё It Loops! удзельнічала ў Дні вулічнае музыкі ў Вільні ды ў шматлікіх клюбных імпрэзах у Менску.

Васіль Панкратаў: «З кім бы ні гралі канцэрты — адчуваньне, што мы тэматычна ня ўпісваемся. І для рок-н-рольшчыкаў мы нейкія не такія, бо не сьпяваем, і да пост-року нас не аднесьці… Заўсёды неяк асобна стаім. Дарэчы, It Loops! мы назваліся не таму, што выкарыстoўваем loop-эфэкты. А таму што нашая музыка, увогуле, зацыкленая, асабліва басовая партыя, на якую ўсё накладаецца».

НЯМА СЛОВАЎ

Сваю музыку Сяргей і Васіль адносяць да інтуітыўнага блюз-року, але адразу ж дадаюць, што ў кампазыцыях ёсьць месца і фанку, і эмбіенту з дыджэрыду, а часам павявае псыхадэлічным канцом 1960-х. Адметна, што пры наяўнасьці паэта ў гурце — Васіля Панкратава — It Loops! пазьбягае лірыкі. Зрэшты, раней хлопцы разьлічвалі пашырыць трыё за кошт сьпевака ці сьпявачкі.

Васіль Панкратаў: «Аднойчы мы зразумелі, што без вакалу нават лепей. Адсутнасьць вакаліста для нас — гэта ўжо ня дадзенасьць, а сьвядомая пазыцыя. Таму цяпер мы ўжо не шукаем вакалістаў, але ў чарговы раз у пошуках бубнача».

ПРАЗ БРАХМАПУТРУ Ў ВІЛІЮ

Для свайго першага міньёну It Loops! адабралі больш-менш блізкія па стылістыцы рэчы. Запіс адбыўся яшчэ год таму на MappleTree studio. Пэўны час заняло зьвядзеньне і выпрацоўка канцэпцыі.

Васіль Панкратаў: «У нас была адна рэч з працоўнай назвай „River“ („Рака“). Прыйшла ідэя ўсе кампазыцыі зьвязаць асацыятыўна з плыньню, з ракой, з вадою… І вось мы ўсе трэкі назвалі па імёнах розных рэкаў: тры ракі небеларускія — адна зь Індыі, дзьве з Паўднёвай Амэрыкі, і адна нашая — Вілія. Менавіта зь „Віліі“ ўсё і пачалося».

Суполка гуртаУК

Віктар Сямашка, Tuzin.fm, фота — belmetal.org

КАМЕНТАРЫ:

  • Vic Lenkey
    Vic Lenkey / адказаць
    05.04.2014 / 13:29

    цікава, малойцы...

  • Samotnik / адказаць
    05.04.2014 / 19:17

    Вельмі добрыя ўражаньні. Гурт, які стварае такую якасную музыку, павінен быць больш вядомым у краіне.

  • КАМЕНТАВАЦЬ